Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Як рыхтуюцца да адзінага дня галасавання на Шчучыншчыне?

У Шчучынскім раёне згодна з Каляндарным планам па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у адзіны дзень галасавання 24 лютага 2024 года створаная раённая выбарчая камісія.

У склад камісіі ўвайшлі 11 сябраў, з якіх большасць складаюць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і партый. Яны прадстаўленыя ГА “Белая Русь”, БРСМ, Беларускім саюзам жанчын, аб’яднаннем ветэранаў і прафсаюзам работнікаў АПК. Сваіх прадстаўнікоў вылучылі толькі дзве партыі з зарэгістраваных у Беларусі чатырох: Беларуская партыя "Белая Русь" і Камуністычная партыя Беларусі. Шляхам падачы заяў вылучаныя чацвёра грамадзян.

Нягледзячы на закрытасць інфармацыі аб персанальным складзе камісій, кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” сталі вядомыя прозвішчы двух яе сябраў. Гэта яе старшыня, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі і сакратарка камісіі Аксана Вейка. Раней яны неаднаразова вылучаліся ў склад Шчучынскай раённай выбарчай камісіі.

Першым сваім рашэннем выбарчая камісія вызначылася з колькасцю подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на ўсіх 27 выбарчых акругах. У залежнасці ад колькасці выбаршчыкаў лічба вар’іруецца ад 11 да 13 чалавек.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”