Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У рэгіёнах Міншчыны праводзяць пікеты ў "падтрымку выбараў". Разбіраемся, што з імі не так

Пікет ва Уздзе
Пікет ва Уздзе

У рэгіёнах Міншчыны актыўна праводзяцца так званыя "інфармацыйныя пікеты", але праводзяць іх не кандыдаты ці іх давераныя асобы. У Жодзіне, Капылі, Уздзе і Дзяржынску агітуюць "падтрымаць адзіны дзень галасавання", а за каго галасаваць – гэта ўжо неважна. З праваабаронцам разбіраемся, наколькі такія пікеты ў "падтрымку выбараў" законны.  

"Пикет, который прошел на проспекте Мира недалеко от магазина "Соседи" позволил жодинцам больше узнать о предстоящем мероприятии",паведамляе чытачам дзяржаўная газета "Жодзінская навіны".

Аднак пікетуюць не тыя, каму гэта варта было б рабіць па статусе – кандыдаты ў дэпутаты альбо іх давераныя асобы. Гэта робяць сябры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын і іншых заангажаваных у выбарчы працэс арганізацый.

Як адзначаюць праваабаронцы: пікеты праводзяцца не ў тых месцах, якія дазволены. Напрыклад, у Жодзіне пікет прафсаюзнікаў прайшоў на праспекце Міра непадалёк ад крамы "Суседзі". Гэта амаль за паўкіламетра ад сквера сямейнага дабрабыту, вызначанага рашэннем Жодзінскага гарадскога выканкаму для масавых мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі.

Але, ізноў жа, там можна праводзіць пікеты толькі кандыдатам альбо іх давераным асобам. Любы іншы суб’ект мае права праводзіць сходы ў скверы, ля крамы і ў іншым не забароненым месцы толькі ў парадку, вызначаным Законам "Аб масавых мерапрыемствах". Паведамляльны парадак пры гэтым змяняецца на дазвольны.

"І тут пачынаецца самае цікавае. Заяўку на правядзенне сходу трэба падаваць не меней, чым за 15 дзён. У заяўцы пазначаецца дзевяць пазіцый, у тым ліку такія, як "меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства; меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства" і іншыя. Але і гэтага не дастаткова: "да заявы прыкладаецца абавязацельства ў пісьмовай форме арганізатара (арганізатараў) або асобы (асоб), адказнай (адказных) за арганізацыю і правядзенне масавага мерапрыемства, па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства", – звяртаюць увагу праваабаронцы. 

У пастанове Савета міністраў "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства" зацверджаны алгарытм дзеянняў, які павінны здзейсніць суб’ект, калі вырашыць правесці сход. Дарэчы, гэты алгарытм досыць стратны не толькі з пункту гледжання складанай бюракратычнай працэдуры (прайсці яе не кожнаму дадзена), але і з пункту гледжання фінансавання. За паслугі аддзелаў унутраных спраў па ахове грамадскага парадку давядзецца заплаціць 10 базавых велічыняў – гэта калі сход з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек. Калі іх 11 – плаціць ужо трэба 25 базавых. Таксама трэба аплаціць паслугі медработнікаў, якія будуць ахоўваць здароўе ўдзельнікаў мерапрыемства, а таксама камунальнікаў, якія будуць потым месца правядзення сходу прыбіраць. 

Яшчэ адзін маленечкі нюанс – "пры правядзенні масавых мерапрыемстваў у месцах, якія не аднесены мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі да рэкамендаваных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, да памераў, указаных у частцы першай гэтага падпункта, прымяняецца павышаючы каэфіцыент 1,5". Таму можна зверыць месцы правядзення пікетаў, каб пераканацца, што грошы грамадскія аб’яднанні не шкадуюць – праводзяць сходы там, дзе зручна, а не там, дзе “рэкамендавана” рашэннямі мясцовых уладаў.

Аналагічныя жодзінскаму пікету праводзяцца ў іншых раёнах Міншчыны: у Дзяржынску, Капылі і ва Уздзе. Пікетаванне асвятляюць мясцовыя раёнкі: "В Дзержинске проходят пикеты в поддержку единого дня голосования", "Очередной пикет в поддержку Единого дня голосования провели профсоюзы Копыльщины", "Пикет в поддержку выборов в Узде провели профсоюзы" і г.д.

slava_pracy.jpeg
Пікет у Капылі

І вось цяпер можна ўявіць сабе як нейкі прадстаўнік ФПБ аб СБЖ ідзе за 15 дзён у мясцовы выканкам: нясе туды заяўку на масавае мерапрыемства з гарой іншых абавязацельстваў і заключаных за грошы дамоў. Цягам наступных двух тыдняў атрымлівае ад уладаў дазвол. І вось тады ўжо, страціўшы кучу нерваў і грошай, выходзіць з паплечнікамі агітаваць за выбары за "светлую будучыню Беларусі", за тое, што "кожны голас мае значэнне", за "абавязак выканаць свой грамадзянскі доўг" і нарэшце "закон і правапарадак". 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"