Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомельшчына па выніках двух дзён датэрміновага галасавання ў лідэрах. Аналізуем – чаму

Па выніках другога дня датэрміновага галасавання ў Беларусі выбарчыя ўчасткі наведалі 14,85% грамадзян ад агульнай колькасці ўключаных у спісы для галасавання. Рэкардсменам стала Гомельская вобласць – 17,55%. Для забеспячэння такой высокай яўкі кіраўніцтва вобласці задзейнічае самыя розныя спосабы: ад заклікаў да адмінстрацыйных рычагоў і прымусу.

Як была забяспечаная такая высокая яўка, распавяла Флагштоку крыніца ў адным з райвыканкамаў вобласці:

"У службовых чатах было напісана:" Паважаныя кіраўнікі, сёння адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання. Просім арганізаваць 100% яўку работнікаў. Кіраўнікам падраздзяленняў неабходна даць справаздачу". Кіраўніцтва патрабавала прагаласаваць менавіта ў першы дзень: прагаласаваць і адрапартаваць".

Па словах крыніцы, у многіх работнікаў гэта патрабаванне выклікала неразуменне, паколькі многія з іх маюць рэгістрацыю ў сельскіх населеных пунктах раёна – у кіламетрах ад месца працы, райвыканкама:

"Гэта значыць, людзі не мелі магчымасці выехаць для галасавання па месцы рэгістрацыі. Але яны хацелі даць справаздачу, што 100% дзяржсектара ў першы дзень прагаласавала. Так і сказалі, што вас шмат павінна быць. Палохалі, што падаўжэнне кантрактаў будзе залежаць ад яўкі".

Патрэбна таксама адзначыць, што сёлета былі ўнесеныя змены ў заканадаўства, каб спыніць вынас бюлетэняў і іх фатаграфаванне. Для адсочвання гэтага шмат якія выбаркамы ў Гомельскай вобласці творча падышлі да арганізацыі месцаў для "галасавання": шмат дзе у кабінках для галасавання няма фіранак, ды і самі кабінкі не заўсёды захоўваюць сваю звыклую форму, піша homeldays.org.

Можна з упэўненасцю казаць, што пра таемныя "выбары" ў такіх умовах казаць не прыходзіцца. Хоць у некаторых месцах і захаваліся знаёмыя нам кабінкі з фіранкамі, але ёсць і іншыя тыпы:

  1. Фіранкі замацаваныя так, што зачыніць іх немагчыма.

  2. Фіранкі адсутнічаюць як тып.

  3. Кабінка – гэта не кабінка, а скрыня. Часам не з трыма сценкамі.

Гэтыя ўсе захады (разам з узмацненнем аховы і запужваннямі з боку сілавікоў) адбываюцца на фоне адсутнасці на гэтай кампаніі і апазіцыйных кандыдатаў, і незалежных назіральнікаў.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»