Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікала АБСЕ абараніць назіральнікаў за выбарамі

Старэйшы супрацоўнік па праграмах Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары Адам Бусуляну выступіў з заявай на Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні 2023 года. Ён звярнуў увагу на рэпрэсіі, з якімі сутыкаюцца незалежныя назіральнікі за выбарамі і праваабаронцы ў аўтакратычных рэжымах, прывёўшы ў прыклад палітвязняў-праваабаронцаў "Вясны", і заклікаў АБСЕ актывізаваць свой удзел у падтрымцы і абароне экспертаў па выбарах і грамадзянскіх назіральнікаў за выбарамі.

Старэйшы супрацоўнік па праграмах Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары Адам Бусуляну
Старэйшы супрацоўнік па праграмах Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары Адам Бусуляну

"Менш за год таму, у кастрычніку 2022 года, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый адкрыта прызнала праваабаронцамі грамадзянскіх назіральнікаў за выбарамі. На жаль, з тых часоў становішча многіх назіральнікаў за выбарамі ў рэгіёне АБСЕ амаль не змянілася", — нагадаў Адам Бусуляну.

Паводле яго слоў, грамадзянскія назіральнікі граюць важную ролю ў прасоўванні дэмакратычных выбарчых рэформаў у сваіх краінах. Таму аўтарытарныя рэжымы, што фальсіфікуюць выбары для легітымізацыі сваёй улады, бачаць у іх пагрозу. Назіральнікі зведваюць жорсткія рэпрэсіі, іх саджаюць у турму або вымушаюць пакінуць краіну, звярнуў увагу прадстаўнік Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары:

"Я хацеў бы нагадаць, што нашы калегі з вядомай беларускай Праваабарончай арганізацыі "Вясна" — у якую ўваходзяць лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк — ужо амаль два гады знаходзяцца ў турме. Яны правядуць там яшчэ шмат гадоў проста таму, што адважыліся назіраць за парушэннямі падчас выбараў і паведамляць аб масавых фальсіфікацыях. Іх дзеянні адпавядалі ідэям АБСЕ, яе правілам і каштоўнасцям".

Адам Бусуляну адзначыў, што абмежавальныя законы, такія як Законы аб "замежных агентах" і "непажаданых замежных арганізацыях", накіраваныя на разбурэнне грамадзянскай супольнасці ды ізаляцыю яго прадстаўнікоў ад знешніх партнёраў і падтрымкі, але пры гэтым распаўсюджваюцца па ўсім рэгіёне АБСЕ.

"Законы аб "замежных агентах" і "непажаданых замежных арганізацыях", а таксама жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскіх назіральнікаў за выбарамі ўяўляюць сабой прамое парушэнне асноватворных прынцыпаў і каштоўнасцяў АБСЕ. Ад імя EPDE я заклікаю АБСЕ і БДІПЧ да больш актыўнага ўдзелу ў падтрымцы інстытута грамадзянскага назірання за выбарамі ва ўсіх дзяржавах-удзельніцах. Мы заклікаем АБСЕ эфектыўна абараняць экспертаў па выбарах і добраахвотных назіральнікаў. Нарэшце, мы заклікаем АБСЕ актывізаваць свае намаганні, якія вядуць да вызвалення незаконна зняволеных экспертаў у выбарах у Беларусі і Расіі", — заявіў прадстаўнік Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары.