"Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам". Гаворым з праваабаронцам аб праблемах і рэаліях выбараў*
Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў Беларусі прызначаныя на 25 лютага 2024 года. Гэта першая выбарчая кампанія пасля крызісу 2020 года. Пройдзе яна як з некаторымі новаўвядзеннямі, што былі прынятыя за гэтыя тры гады, так і з шэрагам старых практык, якія парушаюць міжнародныя стандарты правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў і патрабаванні нацыянальнага заканадаўства. Нягледзячы на тое, што нацыянальныя назіральнікі, праваабаронцы і місіі АБСЕ неаднаразова звярталі ўвагу на апошняе і заклікалі адмовіцца ад іх і палепшыць выбарчыя працэсы, улады не выканалі амаль ніводнай рэкамендацыі. Супрацьстаянне прымусу датэрміновага галасавання, забарона на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня, утварэнне ўчасткаў для галасавання ў СІЗА і турмах, рашэнне ўдзельнічаць у выбарах экс-кіраўніка ліквідаванай партыі, пазбаўленне выбарчага права грамадзян Беларусі, што жывуць за мяжой, а таксама асобаў, асуджаных да пазбаўлення волі і асобаў, прызнаных недзеяздольнымі. Гэтае ды іншыя пытанні, звязаныя з праблемамі і рэаліямі беларускіх выбараў*, мы абмеркавалі з экспертам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Паўлам Сапелкам.
"Сапраўдныя выбары магчымыя толькі ва ўмовах захавання канстытуцыйных правоў"
Як заяўляюць эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", ужо на гэтай стадый электаральнай кампаніі цяжка казаць пра тое, што ў Беларусі цяпер ёсць умовы для правядзення выбараў, якія гарантуе Канстытуцыя. Асноўны закон дзяржавы вызначае правілы, па якіх яны павінны праводзіцца. Аднак, як адзначае Павел Сапелка, некалькі асноўных канстытуцыйных прынцыпаў парушаныя ўжо цяпер.
Так, згодна з арт. 64 Канстытуцыі выбары дэпутатаў, з'яўляюцца ўсеагульнымі: права абіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Не маюць права абіраць і быць абранымі грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія змяшчаюцца па выраку суда ў месцы пазбаўлення волі. Па Канстытуцыі любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з'яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.
"Між тым, ужо цяпер пазбаўленыя актыўнага выбарчага права (права галасаваць) сотні тысяч беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, паколькі ўчасткі для галасавання па-за Беларуссю стварацца не будуць", — звяртае ўвагу Павел Сапелка.
Ён адзначае, што гэта з'яўляецца адвольным абмежаваннем канстытуцыйнага права. Праваабаронца тлумачыць логіку ўладаў, якія забаранілі беларусам і беларускам галасаваць з-за мяжы:
"Наогул эмігранты маюць права і могуць рэальна ўплываць на палітычнае жыццё сваёй дзяржавы. У выпадку выбараў у Беларусі галасы эмігрантаў будуць пераважна свабоднымі і атрымае іх напэўна не праўладны кандыдат. Так, напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове 2020 года больш за 16% галасоў было атрымана з-за мяжы, амаль 93% з іх было аддадзена за праеўрапейскага кандыдата, які перамог".
Згодна з 65 артыкулам Канстытуцыі выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.
"Паўсюдныя парушэнні гэтага права фіксаваліся ў перыяд кожных выбараў, арганізаваных і праведзеных рэжымам", — кажа эксперт.
Таксама ў 65 артыкуле Канстытуцыі адзначаецца, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.
"На справе грамадскасць і яе прадстаўнікі, у тым ліку назіральнікі, выцесненыя практычна з кожнага этапу выбараў: фармавання камісій, праверкі подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў, падліку галасоў", – адзначае праваабаронца.
Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах, сказана ў арт. 66 Канстытуцыі.
"Аднак падчас цяперашняй кампаніі ўлады ўжо заявілі пра тое, што да абрання будуць дапушчаныя толькі "патрыятычна", гэта значыць лаяльна настроеныя ў дачыненні да існага рэжыму. З ліку магчымых кандыдатаў ужо выключаныя людзі, якія сталі ахвярамі крымінальнага пераследу і асуджаныя па палітычных матывах".
Згодна з артыкулам 69 Канстытуцыі, права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Аднак, як звяртае ўвагу Павел Сапелка, сёння ў Беларусі гэтае права працуе толькі для праўладных суб'ектаў.
"Усе апазіцыйныя партыі ў 2023 годзе ліквідаваныя, а палітычная актыўнасць грамадзян і працоўных калектываў жорстка кантралюецца ўладамі".
Таксама, як адзначае эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", сапраўдныя выбары магчымыя толькі ва ўмовах захавання іншых канстытуцыйных правоў – на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду асацыяцый ды інш.
"Існуючыя інфармацыйныя ўмовы непрымальныя для правядзення свабодных выбараў"
Адкрыта асвятляць выбарчы працэс унутры Беларусі могуць толькі праўладныя журналісты. Дзейнасць незалежных СМІ, большасць з якіх прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі" або "экстрэмісцкімі фармаваннямі", немагчымая або забароненая. Як адзначае эксперт кампаніі, у гэтым выпадку таксама парушаецца права на інфармацыю выбаршчыкаў і кандыдатаў. У такім выпадку яны пазбаўляюцца правоў атрымліваць доступ, шукаць і распаўсюджваць інфармацыю.
"Паводле беларускага заканадаўства сродкі масавай інфармацыі — гэта адзін з суб'ектаў, нароўні з назіральнікамі, які забяспечвае галоснасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Ва ўмовах, калі даступнае інфармацыйнае поле ў Беларусі скарацілася да афіцыйнай прапаганды, а зварот да незалежных крыніц інфармацыі часта становіцца падставай для пераследу, магчымасці як выбаршчыкаў, так і кандыдатаў на маючых адбыцца выбарах* атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю будуць паўсюдна істотна зрэзаныя і застануцца толькі ў вузкіх рамках кантраляваных уладамі інфармацыйных паведамленняў афіцыйнай прэсы. Гэта парушыць актыўнае і пасіўнае выбарчае права. Такім чынам, існыя інфармацыйныя ўмовы непрымальныя для правядзення свабодных выбараў", — кажа Павел Сапелка.
"Улады будуць прэвентыўна прадпрымаць меры"
У Беларусі перад выбарамі сілавікі традыцыйна ажыццяўляюць"зачыстку". 28 лістапада па ўсёй краіне пракацілася хваля ператрусаў па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду". Следчы камітэт заявіў пра больш за сто фігурантаў па ёй і масавы арышт маёмасці ў людзей, якія, на думку следства, звязаныя з "Каардынацыйнай Радай". Як адзначае эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", такое абвастрэнне рэпрэсій у перыяд палітычных кампаній для Беларусі было характэрна заўсёды.
"На жаль, няма падстаў лічыць, што гэтая кампанія будзе выключэннем. Хутчэй наадварот, улады будуць прэвентыўна прадпрымаць меры да таго, каб не дапусціць нічога падобнага не толькі пратэстам 2020 года, але і менш маштабным пратэстам супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму 2022 года".
"Выбаршчыкі хочуць ведаць рэальны вынік выбараў ва ўмовах, калі камісіі фальсіфікуюць вынікі"
І яшчэ пра рэпрэсіўныя інструменты. Паводле зменаў у заканадаўства на гэтай выбарчай кампаніі забаронена ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня. Гэта рэакцыя ўладаў на падзеі 2020 года. Праўда, пакуль незразумела, па якіх артыкулах будуць прыцягваць да адказнасці за парушэнне гэтай нормы выбарчага кодэкса.
"Забарона — гэта рэакцыя на пошукі розных варыянтаў альтэрнатыўнага падліку галасоў, запыт на які з'явіўся і існуе ў грамадстве выключна ў сувязі з тым, што законам не ўстаноўлены празрысты парадак атрымання і падліку галасоў выбаршчыкаў. Выбаршчыкі хочуць ведаць рэальны вынік выбараў ва ўмовах, калі камісіі фальсіфікуюць вынікі, а назіральнікі альбо не дапушчаныя да назірання, альбо пазбаўленыя магчымасцяў паўплываць на татальныя парушэнні. Таму фальсіфікатары выбараў будуць максімальна выкарыстоўваць рэпрэсіўныя метады для зніжэння актыўнасці выбаршчыкаў. Якія для гэтага будуць задзейнічаныя канкрэтныя інструменты мы даведаемся падчас маніторынгу", – адзначае Павел Сапелка.
"У нас будзе экспертная місія". Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў*
"Калі незалежнае назіранне выганяецца, давер да выбараў і іх вынікаў падае"
Падчас гэтай электаральнай кампаніі практычна не будзе незалежнага назірання ў сувязі з "зачысткай" грамадзянскай супольнасці і пагрозамі рэпрэсій. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заявіла, што будзе ажыццяўляць маніторынг за гэтай электаральнай кампаніяй, але без прыцягнення назіральнікаў. На выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў прыедуць міжнародныя назіральнікі, але гэта будуць толькі прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій краін СНД і Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры АНТ распавёў, што назіральнікаў ад АБСЕ ў Беларусь не паклічуць.
Праваабаронца Павел Сапелка падкрэслівае, што назіранне, як незалежнае нацыянальнае, так і міжнароднае, заўсёды было адной з гарантый правядзення свабодных выбараў:
"Калі незалежнае назіранне выганяецца з выбарчага працэсу, давер да выбараў і іх вынікаў імкліва падае. Гэты давер не атрымаецца аднавіць за кошт пазіцый "сяброў" па клубе аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, і нават за кошт аднадумцаў рэжыму – палітыкаў-адзіночак з неадназначнай рэпутацыяй з дэмакратычных суб'ектаў. З іншага боку, назіранне, асабліва з боку аўтарытэтных міжнародных суб'ектаў, якім па праве з'яўляецца, напрыклад БДІПЧ АБСЕ, заклікана паляпшаць выбарчыя працэсы. А гэта зусім не цікава рэжыму, які трымаецца ва ўладзе менавіта дзякуючы фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Такім чынам, выбарчая сістэма як інстытут будзе дэградаваць".
"Мы павінны памятаць пра дзясяткі палітыкаў, якія не змогуць узяць удзел у цяперашняй кампаніі – яны асуджаныя ці вымушаныя выехаць з Беларусі"
Пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі ўжо заявіў былы старшыня ліквідаванай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. Пры гэтым адзначыўшы, што "ў краіне няма сумленных свабодных выбараў", "галасы ніхто не лічыць", а "за палітычную дзейнасць можна трапіць у турму". Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка нядаўна заявіў, што "ЦВК адкрыты для працы з усімі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі". Аднак, як адзначае эксперт кампаніі, казаць пра тое, што ў Беларусі сёння сапраўды створаныя ўмовы для канкурэнтнай палітычнай барацьбы, немагчыма.
"Мы павінны з павагай ставіцца да палітычнага выбару кожнага беларуса, палітыка ці ініцыятывы. Некалькі мільёнаў выбаршчыкаў маюць права на палітычную альтэрнатыву нават цяпер, калі выбары як сапраўдны працэс немагчымыя. Адначасова мы павінны памятаць пра дзясяткі палітыкаў, якія дакладна не змогуць узяць удзел у цяперашняй кампаніі – яны асуджаныя або вымушаныя выехаць з Беларусі пад пагрозай арышту.
Рашэнне ўдзельнічаць у кампаніі можа апынуцца вельмі ахвярным выбарам у цяперашніх умовах, і мы ў працэсе маніторынгу будзем уважліва сачыць за сітуацыяй вакол такіх незалежных і апазіцыйных кандыдатаў. Па-сапраўднаму канкурэнтная барацьба ўжо немагчымая. Партыя, якая магла б вылучаць свайго сябра, ліквідаваная. Вылучацца шляхам збору подпісаў будзе ўсё цяжэй, бо рэпрэсіі, якія пагражаюць шараговым выбаршчыкам, будуць астуджаць іх гатоўнасць вылучаць канкурэнтаў праўладным кандыдатам. Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам будзе перашкаджаць агітацыі. І, нарэшце, адсутнасць прадстаўнікоў незалежных суб'ектаў у камісіях і незалежнага назірання адкрые бязмежныя магчымасці для фальсіфікацыі падліку галасоў", – адзначае Павел Сапелка.
"Супрацьстаяць практыцы прымусу датэрміновага галасавання могуць толькі тыя выбаршчыкі, на якіх улады не могуць паўплываць адміністрацыйнымі мерамі"
Ва ўстойлівых і празрыстых выбарчых сістэмах датэрміновае галасаванне — гэта цалкам прымальны механізм, кажа эксперт кампаніі. Але не ў Беларусі. Ва ўмовах няўстойлівых дэмакратычных інстытутаў такі механізм можа стаць інструментам маніпуляцый вынікамі выбараў. Арганізатары выбараў наўпрост зацікаўленыя ў павышэнні яўкі на датэрміновае галасаванне, паколькі вынікі гэтага галасавання трапляюць у іх рукі і бескантрольна знаходзяцца там аж да падліку галасоў. Вось што з гэтай нагоды адзначыла ў сваёй справаздачы місія БДІПЧ АБСЕ па выніках мінулых парламенцкіх выбараў 2019 года ў Беларусі:
"Нягледзячы на прымяненне некаторых працэдур, накіраваных на забеспячэнне аб'ектыўнасці працэсу датэрміновага галасавання, уключна з штодзённым размяшчэннем інфармацыі аб яўцы выбаршчыкаў і прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі на выбарчых участках у начны час, названыя меры з'яўляюцца недастатковымі для абароны недатыкальнасці выбарчых матэрыялаў".
У гэтай жа справаздачы місія адзначыла, што яўка была значна ніжэйшай за заяўленую:
"Прынамсі на 12 выбарчых участках назіральнікі МНВ БДІПЧ выявілі кластары ідэнтычных подпісаў у спісах выбаршчыкаў, часцей за ўсё за членаў адной сям'і. У шэрагу выпадкаў назіральнікам не далі магчымасць праверыць спісы выбаршчыкаў. У некалькіх выпадках колькасць подпісаў у спісе выбаршчыкаў была значна ніжэйшай за дадзеныя па яўцы, указаных старшынёй УВК".
Як адзначае Павел Сапелка, на жаль, супрацьстаяць практыцы прымусу датэрміновага галасавання, адмаўляючыся ад гэтага, могуць толькі тыя выбаршчыкі, на якіх улады не могуць паўплываць адміністрацыйнымі мерамі: выключыць з ВНУ, выселіць з інтэрната, звольніць з працы і г. д.
"Абараніць сябе і свой грамадзянскі выбар залежным і ўразлівым у гэтым сэнсе групам нялёгка і спалучана з рызыкай страт, таму кожны мае права прыняць рашэнне для сябе самастойна. Будучы прымушаным галасаваць, выбаршчык можа аддаць свой голас па сваім меркаванні кандыдату альбо прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў".
"Барані Божа, мяне пачнуць "скланяць", што мая група не прагаласавала". Галасаваць – права ці абавязак?
Юрыдычная служба "Вясны" разбіраецца, чым адрозніваецца свабоднае галасаванне ад абавязковага.
Мы нагадваем, што пра факты прымусу можна паведаміць кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", выкарыстоўваючы бяспечныя каналы сувязі.
"Выбары ў ізалятарах пройдуць несвабодна, але з фармальнай імітацыяй працэсу"
Згодна з унесенымі зменамі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю ў адпаведнасці з рашэннем рэферэндуму ад 4 сакавіка 2022 года знята абмежаванне для ўдзелу ў галасаванні для асоб, у дачыненні да якіх абраная мера стрымання – утрыманне пад вартай. Так, на гэтых выбарах дадасца яшчэ 10 участкаў для галасавання па колькасці следчых ізалятараў і турмаў у Беларусі. Яшчэ невядома, як будуць арганізаваныя ўчасткі для галасавання ў СІЗА, наладжаны працэс галасавання і ці будуць туды дапушчаныя назіральнікі. Парламентарый так пракаментаваў гэтую змену: "Тут можна казаць пра тое, што адбываецца лібералізацыя Выбарчага кодэкса". Павел Сапелка адзначыў, што вяртанне права абіраць зняволеным пад варту — гэта адно з нямногіх змяненняў у Канстытуцыю, якое варта ацаніць станоўча, але пры гэтым варта ўлічваць шэраг нюансаў:
"Гэта выпраўленне грубай памылкі заканадаўцаў, якія ўразілі ў грамадзянскіх правах людзей, што не прызнаныя вінаватымі выракам суда, які ўступіў у законную сілу. Гэта закране амаль 5 000 чалавек. Аднак яшчэ большую каштоўнасць такая змена мела б, калі б суправаджалася іншымі зменамі выбарчага заканадаўства, якія як мінімум гарантавалі б правільны падлік вынікаў волевыяўлення гэтых людзей.
Як я ўжо адзначыў, пазбаўленне права абіраць юрыдычна невінаватых людзей было сур'ёзным парушэннем канстытуцыйных прынцыпаў і міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, і на гэта ўладам Беларусі рэгулярна паказвалі назіральнікі, нават дружалюбная місія СНД. Відавочна такое новаўвядзенне мела на мэце прадэманстраваць прагрэсіўны характар зменаў, аднак зноў паўтаруся: гэта мела б важнае значэнне пры сумленным падліку галасоў і захаванні іншых правоў выбаршчыкаў і кандыдатаў. У існуючых умовах вынік будзе фармальным і хутчэй за ўсё не паўплывае на вынікі выбараў*. Улічваючы аднолькава закрыты характар пенітэнцыярнай сістэмы і выбарчых камісій, выбары ў ізалятарах пройдуць несвабодна, але з фармальнай імітацыяй працэсу. Як менавіта гэта будзе выглядаць — нам стане вядома па выніках маніторынгу".
Пры гэтым, у Беларусі пазбаўленыя права на галасаванне асобы, асуджаныя да пазбаўлення волі і асобы, прызнаных недзеяздольнымі. Варта адзначыць, што законныя прадстаўнікі асоб, якія прызнаныя рашэннямі судоў недзеяздольнымі, таксама не могуць галасаваць за іх. Асобаў, якія прызнаюцца судом недзеяздольнымі ў Беларусі, кожны год больш за дзве тысячы. Паводле статыстыкі, апублікаванай на сайце Вярхоўнага суда, у 2022 годзе такімі былі прызнаныя 2 443, за першае паўгоддзе 2023-га — 1 294. Па той жа статыстыцы Вярхоўнага суда ў 2022 годзе да пазбаўлення волі былі асуджаныя 8 605, у першым паўгоддзі 2023-га — 3 893. Усім гэтыя грамадзяне пазбаўленыя права ўдзел у выбарах.
У 2019 годзе місія БДІПЧ АБСЕ адзначыла, што пазбаўленне выбарчых правоў гэтых асобаў з'яўляецца парушэннем міжнародных стандартаў:
"Канстытуцыя абмяжоўвае выбарчыя правы асобаў, якія па рашэнні суда прызнаныя недзеяздольнымі, што супярэчыць міжнародным абавязацельствам. Акрамя таго, ... асобы, якія адбываюць турэмнае [маецца на ўвазе ўвогуле пазбаўленне волі ў калоніях і ў турмах] зняволенне, не маюць права голасу, незалежна ад цяжару злачынства, насуперак абавязацельствам у рамках АБСЕ і міжнародным стандартам. ... Варта перагледзець пагалоўнае пазбаўленне права голасу грамадзян, што адбываюць турэмныя тэрміны, каб забяспечыць суразмернасць паміж ужытым абмежаваннем і цяжарам правапарушэння. ... Варта адмяніць абмежаванні, якія пазбаўляюць права голасу асобаў з псіха-сацыяльнымі або разумовымі разладамі".
Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі-2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.