Фармаванне выбарчых камісій: паменела вылучэнцаў ад партый, больш стала прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў
Згодна з Каляндарным планам ЦВК на сумесных пасяджэннях прэзідыумаў абласных Саветаў дэпутатаў і аблвыканкамаў 11 снежня былі ўтвораныя абласныя і акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах у Адзіны дзень галасавання 24 лютага. Як гэта прайшло ў Гомелі, Брэсце і Гродна?
На Гомельшчыне ўтвораныя абласная і 17 акруговых выбарчых камісій
У склад Гомельскай абласной выбарчай камісіі ўвайшлі 13 чалавек, з іх двух кандыдатаў у камісію вылучылі грамадзяне шляхам падачы заяваў, ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў вылучана 11 прадстаўнікоў.
Ад палітычных партый па адным прадстаўніку вылучылі: Беларуская партыя "Белая Русь” і Камуністычная партыя Беларусі.
Ад грамадскіх аб'яднанняў у склад камісіі ўвайшло больш шырокае кола прадстаўнікоў. Гэта вылучэнцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, ад РГА “Белая Русь”, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, 3 прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
У склады акруговых выбарчых камісій увайшлі па 13 чалавек у кожную, з іх 50 кандыдатаў у камісіі вылучылі грамадзяне шляхам падачы заявы, 10 грамадзян вылучылі працоўныя калектывы, ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў вылучаны 161 прадстаўнік.
Ад чатырох, існуючых сёння ў Беларусі палітычных партый, былі вылучаныя:
17 прадстаўнікоў Беларускай партыі "Белая Русь”;
12 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі;
2 прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Ад грамадскіх аб'яднанняў у склад акруговых выбарчых камісій у асноўным увайшлі вылучэнцы БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Беларускага Фонду міру. Найбольш вылучылася прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – 58.
Гарадзеншчына: лідзіруюць грамадскія аб’яднанні і праўладныя прафсаюзы
На Гарадзеншчыне таксама 11 снежня адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыума Гродзенскага аблсавета дэпутатаў і Гродзенскага аблвыканкама, дзе былі ўтвораныя Гродзенская абласная і 13 акруговых выбарчых камісій па 13 сябраў у кожнай.
Усяго было абрана 182 сябры выбарчых камісій, у склад якіх уключаныя:
ад партый – 20 чалавек; ад грамадскіх аб'яднанняў – 140 чалавек, і ад прафесійных саюзаў – 77 чалавек. Грамадзяне вылучылі шляхам падачы заяваў – 21 чалавек і 1 прадстаўнік ад працоўнага калектыву.
Дзіўна, але ў адрозненні ад папярэдніх выбараў вылучэнцаў ад Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа сёлета няма.
У Берасцейскай вобласці камісіі фармаваліся ў максімальным складзе
У гэты ж дзень прайшло сумеснае пасяджэнне Прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкага аблвыканкама з аналагічным парадкам дня.
Для правядзення выбараў дэпутатаў у Брэсцкай вобласці неабходна было сфарміраваць 229 выбарчых камісій. У тым ліку адну абласную, 16 акруговых, 16 раённых, 3 гарадскіх гарадоў абласнога падпарадкавання (Брэст, Баранавічы, Пінск), 5 гарадскіх гарадоў раённага падпарадкавання і 188 сельскіх выбарчых камісій. Усяго ў склады камісій усіх узроўняў вылучаны 1492 прадстаўнікі. Амаль палова прэтэндэнтаў вылучана ад грамадскіх аб'яднанняў – 729 чалавек (48,9%). У тым ліку палітычныя партыі вылучылі 55 чалавек. Ад грамадзян шляхам падачы заяў – 630 (42,2%), ад працоўных калектываў – 133 (8,9%).
Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову ўтварыць Брэсцкую абласную выбарчую камісію ў максімальнай колькасці ў складзе 13 чалавек. А 12 з 16 акруговых выбаркамаў было вырашана сфарміраваць у максімальным складзе. Камянецкая, Кобрынская, Лунінецкая і Пінская №14 акруговыя выбарчыя камісіі зацверджаны ў колькасным складзе 11 чалавек.
Удзельнікі абмеркавалі дзелавыя і асабістыя якасці прэтэндэнтаў, вылучаных у склады абласной і акруговых выбаркамаў, і прагаласавалі персанальна па кожнай камісіі.
На сайтах ўсіх трох рэгіёнаў інфармацыя пра конкурсы пры вылучэнні ў склады камісій адсутнічае.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”