У якіх месцах на Палессі забаронена праводзіць пікетаванне пад час збору подпісаў?
Паводле Каляндарнага плана ЦВК да 10 снежня адпаведнымі рашэннямі мясцовых органаў улады павінны быць вызначаныя месцы, забароненыя для пікетавання з мэтаю збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў. Прааналізавалі на прыкладзе палескага рэгіёну, якія магчымасцямі для правядзення пікетаў для ініцыятыўных груп засталіся і як адбываецца інфармаванне электарату ў мясцовых СМІ.
На тэрыторыі Мазырскага раёна рашэннем мясцовага райвыканкама вызначаныя месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтаю збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў.
Яны не змяніліся ў параўнанні з выбарамі 2020 года. Гэта тэрыторыі не меней за 50 метраў ад будынкаў райвыканкама, суда, пракуратуры, РАУСа, а таксама тэрыторыі “Аўтапарка №2”, устаноў адукацыі і аховы здароўя.
У Лоеўскім і Петрыкаўскім раёнах прынятыя аналагічныя рашэнні.
У Жлобінскім раёне пікеты нельга будзе праводзіць на аб'ектах і прадпрыемствах чыгуначнага транспарту, на аўтамабільным мосце праз раку Днепр, на пуцеправодзе па вуліцы Палявой, на праезнай частцы аўтамабільных дарог горада і раёна, на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту; на парковачных месцах транспартных сродкаў, а таксама, як і паўсюль, на адлегласці менш за 50 метраў ад будынка райвыканкама, суда, пракуратуры, АУС, на прадпрыемствах вода -, цепла - і энергазабеспячэння, устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі і на адлегласці менш за 100 метраў ад будынка Жлобінскай раённай бальніцы.
У Светлагорскім раёне сітуацыя з папярэднімі выбарчымі кампаніямі мала чым змянілася. Сярод забароненых для пікетавання месцаў – цэнтральная плошча горада, набярэжная ракі Бярэзіна, тэрыторыі ля будынкаў дзяржаўных устаноў, брацкай магілы (на скрыжаванні вуліц Савецкая і Сацыялістычная), устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, Светлагорскага цэнтра культуры, Дома культуры энергетыкаў, на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў устаноў аховы здароўя, а таксама чыгуначнай станцыі і аўтавакзала.
Найбольшыя абмежаванні ўведзеныя ў Калінкавіцкім раёне. Пікетаванне нельга будзе праводзіць на аб'ектах чыгуначнага транспарту, на мастах і пуцеправодах, на прадпрыемствах вода -, цепла - і энергазабеспячэння, на праезнай частцы аўтамабільных дарог, на цэнтральных вуліцах горада і на адлегласці 50 метраў ад іх, на прыпынках грамадскага транспарту, на парковачных месцах, у Гарадскім Парку культуры і адпачынку і на адлегласці 50 метраў ад яго, у культавых збудаваннях і на адлегласці 50 метраў ад іх, на рынках і на адлегласці 50 метраў ад іх, ва ўсіх гандлёвых аб'ектах і на адлегласці 50 метраў ад іх, на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў суда пракуратуры, ваеннага камісарыята, АУС, райвыканкама, устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў цэнтральнай райбальніцы.
На афіцыйных сайтах Брагінскага, Хойніцкага, Рэчыцкага раёнаў адпаведныя рашэнні мясцовых органаў улады пакуль не з’явіліся.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"