Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Магілёве сфармавалі абласную і акруговыя выбарчыя камісіі

Пасяджэнне ў Бабруйску. Фота: bobrlife.by
Пасяджэнне ў Бабруйску. Фота: bobrlife.by

11 снежня прэзідыум Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ўтварыў Магілёўскую абласную выбарчую камісію і 13 акруговых выбарчых камісій.

Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, за склады выбаркамаў дэпутаты і чыноўнікі галасавалі адзінагалосна. Хто менавіта ўвайшоў у іх — невядома. Калі падчас мінулых выбарчых кампаній інфармацыю пра такіх людзей абавязаныя былі публікаваць афіцыйныя друкаваныя органы, то цяпер склады камісій спрабуюць захаваць гэта ў сакрэце. Улады тлумачаць гэта "клопатам пра бяспеку" сябраў выбаркамаў.

Усяго ў камісію кандыдатуры вылучылі 182 чалавекі. З іх палітычных партый вылучана было 54 чалавекі: Беларуская партыя "Белая Русь", Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі — па 14 прадстаўнікоў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 12.

Яшчэ 93 вылучэнцы былі ад грамадскіх аб'яднанняў: "Белая Русь", БРСМ, БСЖ — па 14 прадстаўнікоў, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Беларускі фонд міру — па 10, галіновыя прафсаюзы — 26. Ад працоўных калектываў вылучана 7 чалавек, 28 чалавек было вылучана грамадзянамі шляхам падачы заяў. Цікава, што нікога не вылучала мясцовае падраздзяленне "Беларускага Чырвонага Крыжа", хаця ў папярэдніх электаральных кампаніях яны былі вельмі актыўныя.


Таксама ў рэгіёне вядомыя падрабязнасці пра Бабруйскую выбарчую камісію, якую ўтварылі 11 снежня на сумесным пасяджэнні прэзідыума Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў і Бабруйскага гарвыканкама. Начальнік кіравання арганізацыйна-кадравай работай гарвыканкама Жанна Бабкова праінфармавала, што атрымана 13 зваротаў па пытанні ўключэння грамадзян у склад Бабруйскай гарадской камісіі. Па 11 кандыдатам неабходныя дакументы пададзеныя ў поўным аб'ёме ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. На пасяджэнні прапанавалі сфарміраваць склад гарадской выбарчай камісіі з 11 чалавек. З іх 10 былі вылучаны грамадскімі аб'яднаннямі і палітычнымі партыямі, 1 — шляхам падачы заявы ад грамадзян. Жанна Бабкова адзначыла, што ўсе кандыдаты маюць досвед працы ў выбарчых камісіях.

Склад гарадской выбарчай камісіі ў колькасці 11 чалавек быў зацверджаны ўдзельнікамі сумеснага пасяджэння адзінагалосна. Далей гэтая камісія будзе займацца падрыхтоўкай да правядзення выбараў дэпутатаў пры садзейнічанні гарвыканкама. Пасяджэнне адбылося пад кіраўніцтвам кіраўніка раёна Аляксандра Сухадольскага і намесніка старшыні райсавета Зінаіды Трубачкі

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”