У Гомелі склалі самы вялікі пералік месцаў, дзе забаронена пікетаванне: а так можна было?
Адыёзнае рашэнне, якое тычыцца месцаў, забароненых для правядзення пікетавання, прыняў Гомельскі гарвыканкам 7 снежня. У параўнанні з выбарамі 2019 і 2020 года яно істотна пагоршыла ўмовы для збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў.
У пераліку, які варта прывесці цалкам, – 11 пунктаў, якія ахопліваюць практычна ўсю тэрыторыю горада.
- На адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў унутраных спраў, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (чыгуначны вакзал, прадпрыемствы электрасувязі, аўтавакзал, аэрапорт, порт, грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода -, цепла - і энергазабеспячэння, аптэкі, установы адукацыі ўсіх відаў, аховы здароўя, культуры, спорту, культавыя аб'екты, банкі, прадпрыемствы і аддзяленні сувязі.
- На плошчы Леніна.
- На прыпыначных пунктах грамадскага транспарту, пасадачных пляцоўках чыгуначных прыпыначных пунктаў, у падземных пешаходных пераходах.
- На мастах, пуцеправодах, праезнай частцы аўтамабільных дарог.
- На адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў.
- На адлегласці менш за 300 метраў ад тэрыторый хімічна небяспечных аб'ектаў.
- На адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў, збудаванняў, у якіх ажыццяўляюцца вытворчасць, захоўванне або рэалізацыі зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і матэрыялаў, вытворчасць або захоўванне піратэхнічных вырабаў.
- На адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў, збудаванняў, у якіх знаходзяцца арганізацыі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійных і радыёперадаючых станцый;
- На адлегласці менш за 100 метраў ад тэрыторый аб'ектаў і вытворчасцяў, на якіх эксплуатуюцца патэнцыйна небяспечныя аб'екты з хімічнымі, фізіка-хімічнымі, фізічнымі працэсамі, дзе магчыма утварэнне выбухованебяспечных асяроддзяў, або выкарыстоўваюцца, перапрацоўваюцца, захоўваюцца, транспартуюцца небяспечныя рэчывы.
- На адлегласці менш за 50 метраў ад тэрыторый буйных і горадаўтваральных прадпрыемстваў.
- На адлегласці не менш за 50 метраў ад месцаў правядзення перадсвяточных кірмашоў, ёлачных кірмашоў, месцаў правядзення навагодніх, калядных, вадохрышчанскіх мерапрыемстваў.
Каментарыі, як кажуць, тут залішнія.