У Барысаве перадвыбарчая сустрэча з чыноўніцай ператварылася ў скаргі на санкцыі
Дэпутатка ад Барысаўскага раёна, былая міністарка інфармацыі Беларусі, Лілія Ананіч 19 снежня правяла ў Лошніцкай сярэдняй школе сустрэчу з настаўнікамі і выхавацелямі, дзе паскардзілася на санкцыі і агітавала "25 лютага прыйсці на выбарчыя ўчасткі". Але перадвыбарчая сустрэча з чыноўніцай ператварылася ў скаргі на санкцыі, бытавыя праблемы мясцовага насельніцтва і кошты на яйкі.
"Беларусь апынулася ў эпіцэнтры глабальных канфліктаў. Ідзе барацьба за тое, каб свет быў выбудаваны справядліва, шматпалярна, а не так, як цяпер, калі адна краіна пераважае над усім светам. У дачыненні да Беларусі ўведзеныя неправавыя санкцыі, ля нашых межаў бразгаюць зброяй. Гэтыя выклікі мы павінны ўлічваць у сваёй дзейнасці, свой адказ — прадэкларавалі ў Канстытуцыі: мы праводзім міралюбную палітыку.
Але разам з тым і свайго не аддамо. Таму сёння, у тым ліку і заканадаўча, мы забяспечваем пытанні нацыянальнай бяспекі. На гэтым фоне мы прыходзім да выбарчай кампаніі. 25 лютага мы павінны прыйсці на выбарчыя ўчасткі, і зрабіць свой усвядомлены выбар", — сказала Ананіч.
Удзельнікі сустрэчы падзяліліся з праваабаронцамі рэакцыяй бюджэтнікаў на гэтую сустрэчу:
"Пасля маналогу Ананіч, ніхто з прымусова прыведзеных людзей не задаваў пытанні пра выбары. Людзей цікавілі пытанні асвятлення, чыстай вады ў аграгарадку і што будзе з цэнамі на яйкі, калі ўсё пойдзе на экспарт у Расею".