Стала вядома, хто ўвайшоў у выбарчую камісію ў Краснаполлі
MAYDAY паведамляе, што ўдалося даведацца, хто ўвайшоў у выбарчую камісію ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці. Гэта прадстаўнікі ўлады, лясгаса і дзіцячага садка. Большасць з іх ужо былі ў выбаркамах.
У Краснаполлі, як і ўсюды, тыдзень таму была ўтворана раённая выбарчая камісія. Трэба было выбраць 11 чалавек з прыкладна дваццаці даўно вядомых адзін аднаму людзей, якія сабраліся ў пустой актавай зале.
Старшынёй камісіі было прынята рашэнне абраць начальніцу аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ніну Шыгабіеву, якая на папярэдніх выбарах была сакратаром. Дарэчы, дакументы да пасяджэння рыхтавала менавіта яна, і ўсе рашэнні былі аднагалосна адобраны.
Сакратаркай на цяперашнюю кампанію прызначылі Юлію Чмураву. А каб захаваць "пераемнасць" у камісію ўключылі адзінага мужчыну Андрэя Філімоніхіна — начальнік аддзела эканомікі райвыканкама, нязменнага ўдзельніка ўсіх камісій.
Сацыяльную службу прадстаўляе дырэктарка Цэнтра абслугоўвання насельніцтва Алена Дзям'янава. А як бы не ад улады ў камісію былі ўключаныя старшыня Краснапольскай арганізацыі Белпрафсаюза работнікаў адукацыі Таццяна Краўцова, а «ад народа» — супрацоўніца лясгаса Ірына Стэфаненка і Людміла Палавая ад калектыву дзіцячага садка №3.
Мабыць, адзінай інтрыгай стала ўключэнне ў склад камісіі дзвюх персон – упершыню сябе паспрабуюць загадчыца архіва Алена Сурус і сябра моладзевага парламента (а таксама супрацоўніца фінансавага аддзела райвыканкама) Вікторыя Выдранкова.