На Віцебшчыне пры вылучэнні зборам подпісаў у раённыя рады кандыдаты маюць няроўныя магчымасці
"Віцебская Вясна" паведамляе, што ў Віцебскай вобласці раённыя выбарчыя камісіі правялі пасяджэнні, на якіх была вызначана колькасць подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Усе камісіі скарысталіся формулай: каб зарэгістравацца, кандыдатам неабходна сабраць 1% ад колькасці выбаршчыкаў, якія пражываюць у акрузе, але не менш за 10 подпісаў.
Аднак такі падыход ставіць у няроўнае становішча патэнцыйных кандыдатаў. Гэта няроўнасць носіць адносны характар і звязана з рознай колькасцю выбаршчыкаў у сельскіх акругах Віцебскага рэгіёна. І чым меншая колькасць выбаршчыкаў у акрузе, чым мацнейшая няроўнасць пры зборы подпісаў для вылучэння кандыдата.
Так, каб стаць кандыдатам у дэпутаты ў Полацкі райсавет, неабходна назбіраць ад 16 да 20 подпісаў, г.зн. роўна 1% ад колькасці выбаршчыкаў у кожнай акрузе, а кандыдатам у Верхнядзвінскі райсавет (у сярэднім 600 выбаршчыкаў у акрузе) — 10 подпісаў, але ўжо 1,7%, ў Шаркаўшчынскі (350 выбаршчыкаў у акрузе) — мінімум 2,8%, а ў Расаніскі (270 выбаршчыкаў у акрузе) ужо 3,7%.
Таму можна сцвярджаць пра тое, што тут прысутнічае элемент дыскрымінацыі жыхароў як мінімум 17 сельскіх раёнах Віцебскай вобласці, якія хочуць стаць кандыдатамі ў дэпутаты раённых Саветаў дэпутатаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"