У Наваполацку выбарчыя камісіі пачалі рэгістрацыю ініцыятыўных груп на два дні раней, чым вызначана выбарчым кодэксам
"Віцебская Вясна" паведамляе, што тры выбарчыя камісіі 15 снежня зарэгістравалі пяць ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Наваполацкага гарсавета. Яшчэ дзве ініцыятыўныя групы — па вылучэнні ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў, адну — у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Згодна з графікам кампаніі, пачынаць рабіць гэта трэба было з 17 снежня.
З васьмі прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы шэсць сябраў Беларускай партыі «Белая Русь», два сябры Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і адзін — беспартыйны. Акруговая выбарчая камісія №24 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты дзеючага дэпутата парламента Дзяніса Карася. Ён сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і адначасова старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі гэтай жа партыі, у якой налічваецца больш за 70 актыўных сябраў. Акрамя таго, Дзяніс — актывіст грамадскага аб`яднання "Белая Русь".
У абласны Савет вылучаюцца дзве жанчыны члены РП “Белая Русь”: дырэктарка мясцовай Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марыя Караваева і дырэктарка Наваполацкага дзяржвучылішча алімпійскага рэзерву Алена Саннікава.
Дэпутатамі Наваполацкага гарсавета маюць намер стаць сябры той жа партыі "Белая Русь": дзеючы старшыня Наваполацкага гарсавету Алег Буевіч, начальнік аддзела спорту і турызму гарвыканкаму Пётр Ражкоў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце завода "Палімір" Сяргей Брыкун і інжынер ААТ "Нафтан" Павел Марозаў. А таксама — сябра РПТіС, старшыня цэхкама вытворчасці №1 ААТ «Нафтан» Дзяніс Красікаў і беспартыйны намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы ААТ «СМТ №16» Уладзіслаў Снігіроў.
Выбарчыя камісіі працягваюць сваю працу па рэгістрацыі ініцыятыўных груп уключна да 15 студзеня 2024 года.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"