Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прапагандысты, экс-намеснік кіраўніка МУС, ідэолаг Лукашэнкі. Хто прэтэндуе на дэпутацтва ў парламенце ад Мінску

Па стане на 23 снежня ў Мінску 45 асобаў зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні сябе ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Скандальны дэпутат Алег Гайдукевіч, Дзмітрый Шаўцоў, пад кіраўніцтвам якога Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічаў у вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь, галоўны ідэолаг Лукашэнкі Вадзім Гігін, былы намеснік начальніка МУС Аляксандр Барсукоў, які за працу падчас пратэстаў у 2020 годзе патрапіў пад санкцыі ЕС, адыёзны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, які пад чырвона-зялёным сцягам паказваў фак пратэстоўцам у 2020 годзе, спікерка Генпракуратуры Анжаліка Курчак, якая змагаецца з чайлдфры ў краіне, гэта адныя з тых, хто прэтэндуе на дэпутацтва ад Мінска. Распавядаем, за вылучэнне каго ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць збіраць подпісы ў Мінску.

Зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў скандальны кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, экс-дэпутат Дзмітрыя Шаўцоў. Займае гэтую пасаду з верасня 2021-га. Пасля гэтага ён, як пісала "Еўрарадыё", актыўна выступаў і наракаў на "негуманнасць Еўропы" падчас разгару штучнага міграцыйнага крызісу і запомніўся яшчэ некалькімі заявамі — напрыклад пра тое, што гомасэксуальнасць патрабуе лячэння. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Чырвоны Крыж пад кіраўніцтвам Шаўцова заняўся ў тым ліку вывазам "на аздараўленне" (як яны гэта называюць) дзяцей з часова акупаваных украінскіх тэрыторый. Улетку Шаўцоў адкрыта падцвердзіў, што ўдзельнічаў у вывазе дзяцей з Украіны ў Беларусь. Тады Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова.

Дзмітрый Шаўцоў
Дзмітрый Шаўцоў

У дэпутаты таксама вырашыў пайсці вядомы прапагандыст і галоўны ідэолаг Лукашэнкі Вадзім Гігін, гендырэктар "Нацыянальнай бібліятэкі". Таксама ён узначальваў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. У звестках ЦВК пазначаны як сябра партыі "Белай Русі". Гігін вядомы сваімі прарасейскімі і антызаходнімі выказваннямі. Так, ён прапаноўваў "увесці нулявую талерантнасць да ўладальнікаў «Карты паляка»". Сёлета з ягонай ініцыятывы выключылі са школьнай праграмы "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча. Таксама ён уваходзіць у склад камісіі па вяртанні палітуцекачоў. У перадачы "Азарёнок. Напрямую" ідэолаг Лукашэнкі крытыкаваў канферэнцыю дэмакратычных сіл "Новая Беларусь", якая прайшла 8 і 9 жніўня 2022-га ў Вільні. Ëн пагражаў апанентам рэжыму за мяжой забойствамі. Восенню 2022-га Гігін ездзіў назіральнікам на "рэферэндум" у так званую "Луганскую Народную Рэспубліку". Ён патрапіў у апошні санкцыйны спіс Еўрасаюзу супраць Беларусі.

Вадзім Гігін у самаабвешчанай
Вадзім Гігін у самаабвешчанай "ЛНР" у 2022 годзе

Згодна звесткам ЦВК сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за сваё вылучэнне ў дэпутаты зарэгістпаваў сумнавядомы былы намеснік міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Барсукоў, які займаў гэтую пасаду пачдас пратэстаў у 2020 годзе. Супраць яго ўводзіліся санкцыі Еўрасаюзу, як пасля прэзідэнцкіх выбараў — 2010, гэтак і ў 2020 годзе. У тлумачальнай частцы гаварылася, што ён асабіста каардынаваў разгоны дэманстрантаў, а таксама ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць апазіцыі. З 2011 да 2017 году Барсукоў быў кіраўніком мінскай міліцыі. Ад 2017 году — намеснікам міністра ўнутраных спраў. У 2020 годзе Аляксандар Барсукоў асабіста наведваў у ізалятары на Акрэсціна затрыманых падчас акцый пратэсту. Потым міліцыянт заяўляў, што фактаў здзекаў зафіксавана не было. У звестках ЦВК пазначана, што ён беспартыйны і працуе інспектарам па Мінску Адміністрацыі Лукашэнкі. У 2022 годзе Барсукоў узяў куратарства над новым асобым атрадам спецыяльнага прызначэння "Рысь". Асноўнымі задачамі новага атрада заяўляліся "барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійнымі выведвальнымі групамі".

Аляксандар Барсукоў каля ізалятара на Акрэсьціна 14 жніўня. Фота: Уладзь Грыдзін
Аляксандр Барсукоў каля ізалятара на Акрэсьціна 14 жніўня 2020 года. Фота: Уладзь Грыдзін

На Свіслацкім участку № 95 зарэгістраваў сваю группу адзін з галоўных прапагандыстаў Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Шпакоўскі. Пазначана, што ён з'яўляецца сябрам новазарэгістраванай партыі "Белая Русь". Месца працы лічыцца якдарадца-пасланнік амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У 2021 годзе Шпакоўскі ўваходзіў у склад канстытуцыйнай камісіі, якая распрацоўвала папраўкі да Канстытуцыі. Трапіў у санкцыйныя спісы Украіны за падтрымку нападу на яе. Апошнім часам ён быў актыўным удзельнікам расейскіх прапагандысцкіх шоў.

Аляксандр Шпакоўскі
Аляксандр Шпакоўскі

У дэпутаткі вырашыла пайсці таксама начальніца ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі і рэдакцыйнай дзейнасці Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак. Сёлета спікерка Генпракуратуры ў эфіры "НТВ Беларусь" абвесціла чайлдфры пагрозаю "нацыянальнай бяспецы і нашай дэмаграфічнай палітыцы" ды "праяваю новай дэмакратыі".Яна пахвалілася прызнаннем "экстрэмісцкімі матэрыяламі" некалькіх Telegram-каналаў і акаўнтаў у сацсетках, прысвечаных чайлдфры.

Анжаліка Курчак
Анжаліка Курчак

Сваю ініцыятыўную групу зарэгістраваў таксама Дзмітрый Арыхоўскі — намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і ідэалагічнай працы "Выдавецтва "Беларускі
Дом друку". Цікава, што на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе ён быў старшынём выбарчай камісіі на адным з участкаў у Мінску. 

На дэпутацтва ў ніжняй палаце парламента прэтэндуе таксама старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспекі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Сяргей Рачкоў. Таксама на новы тэрмін у Палаце прадстаўнікоў прэтэндуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская — менавіта яна ініцыявала змены ў Крымінальны кодэкс, якія ўвялі смяротнае пакаранне за спробу тэрарыстычнага акту. Таксама яна з'яўлялася адказнай за падрыхтоўку законапраекта, які прадугледжваў магчымасць вядзення па крымінальных справах у дачыненні да памерлых. 

На новы тэрмін таксама прэтэндуюць дэпутаты ніжняй палаты Парламента Васіль Панасюк і Іван Гардзейчык. У дэпутаты вырашыў пайсці памочнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага, сябра сакратарыята Палаты

прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Бузін. Вядома, што ён з'яўляецца палкоўнікам, доктарам ваенных навук, з'яўляўся намеснікам начальніка па навуковай працы Генеральнага штаба.

У Першамайскім раёне сваю ініцыятыную групу зарэгістраваў бадай самы скандальны дзеючы дэпутат і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. У 2022 годзе ён у складзе дэлегацыі сяброў ЛДПБ наведаў акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны нібыта з "гуманітарнай місіяй". Улетку Гайдукевіч падчас пасяджэння "штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь" выказаў прапанову, як зрабіць так, каб у прэзідэнты ў Беларусі не маглі нават тэарэтычна балатавацца людзі, не зацверджаныя зверху.

Сёлета адбыўся суд па так званай справе "аб падпале дому Гайдукевіча". 18 абвінавачаным былі вынесены жорсткія прысуды тэрмінам да 25 гадоў турмы.

У дэпутаты збіраецца таксама дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў. З лютага 2010 года ён займае пасаду намесніка старшыні Цэнтрвыбаркама — у тым ліку пад яго кіраўніцтва адбываюцца выбары ў Беларусі, якія прызнаюцца міжнароднымі і нацыянальнымі назіральнікамі як несправядлівыя.

На дэпутацтва таксама прэтэндуе намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы на "Мінскім падшыпнікавым заводзе" Андрэй Ганусевіч. Раней ён займаў пасаду намесніка начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. З'яўляецца палкоўнікам унутранай службы, беспартыйны.

Што характэрна, свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі і іншыя асобы, якія маюць дачыненне да вайсковай службы. Напрыклад, начальнік "Ваеннай акадэміі" Геннадзь Лепешка, начальнік штаба Міністэрства ўнутраных справаў Ігар Пашкоў.

На сябра Камуністычнай партыі Беларусі, сябра Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч. Гэта былы першы сакратар Мінскага гаркаму БРСМ і былы ідэоляг Мінгарвыканкаму. Менавіта Клішэвіч у 2016 годзе на адкрыцці помніка Леніну ў Мінску біў і дапамагаў АМАПу затрымліваць Змітра Дашкевіча. 20 жніўня 2020 года падчас прадзяржаўнага роварнага прабегу дэпутат-камуніст паказваў фак аўтамабілістам на праспекце, якія сігналялі і выкрыкваюць словы асуджэння.

Сяргей Клішэвіч. Фота чытача
Сяргей Клішэвіч. Фота чытача "Нашай Нівы"

Цяпер вядомы сваімі адыёзнымі выказваннямі. Так, напрыклад у 2022 годзе ў эфіры ютуб-каналу "СБ ТВ", камэнтуючы нараду ў Лукашэнкі, прысвечаную працы Парку высокіх тэхналогіяў, прапанаваў вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі ў Хатынь: "Каб прасякнуліся духоўнасцю".

Сваю ініцыятыўную группу зарэгістравала і беларуская лёгкаатлетка, якая выступае ў скачках у даўжыню і трайным скачку, Анастасія Мірончык-Іванова. Пазначана, што яна з'яўляецца сябрай Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, Міністэрства спорту і турызму.

Цікава, што таксама на дэпутацтва прэтэндуе Анатоль Хішчанка. У апублікаваных ЦВК звестках ён пазначаны як беспартыйны пенсіянер. Але вядома, што ў 1999 годзе быў абраны членам Вышэйшага савета Ліберальна-дэмакратычнай партыі, а ў 2006 годзе па цяперашні час працаваў намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Але цяпер ён па нейкіх прычынах выйшаў з партыі. Раней ён абіраўся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання.

Свае ініцыятыўныя групы таксама зарэгістравалі дырэктаркі школаў, дырэктары каледжуаў, намеснік гендырэктара "Белсаюздруку", намеснік начальніка "Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі", рэктар Акадэміі ўпраўлення пры прэзідэнце, загадчыца ў дзіцячым садку, педагагіня-псіхалагіня з Камуністычнай партыі Беларусі, трэнер, індывідуальны прадпрымальнік, галоўныя ўрачы мінскіх бальніц ды іншыя.

Пры гэтым, былога кіраўніка ліквідаванай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука, які хацеў стаць дэпутатам, не зарэгістравалі.

"Скончылася мая выбарчая кампанія. На жаль, не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Фармальнай падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакументах. Хачу падзякаваць тым людзям, хто быў побач са мной у гэты няпросты час. Для мяне гэтыя людзі героі",напісаў Дзмітрый у Facebook.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"