Гендырэктар цэнтра па бульбаводству і прапагандыстка "Мінскай праўды". Хто ідзе ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў?
Па стане на 24 снежня зарэгістравана 48 прэтэдэнтаў на кандыдатцтва ў дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. З іх 15 — сябры партыі "Белая Русь", два — сябры Камуністычнай партыі, яшчэ два — сябры Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, але большасць з іх — беспартыйныя (29 чалавек). У дэпутаты вылучаюцца дырэктары школ, настаўнікі гімназій, дырэктары калгасаў і лясгасу, намесніца галоўнага ўрача, натарыўс, глаўрэдка раёнкі, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі.Распавядаем пра самых цікавых з іх.
У мясцовыя дэпутаты вырашыў пайсці 53-гадовы Андрэй Лук'яновіч. У звестках, апублікаваных Мінаблвыканкамам, сціпла адзначана, што ён вайсковец в/ч 03940, але Лук'яновіч з'яўляецца генерал-маёрам і камандуючым ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл Беларусі. Пазначана, што ён жыве ў Мінску, але вылучаецца па Калодішчанскай выбарчай акрузе № 45. Улетку Лукашэнка яму асабіста ўручыў пагоны генерал-маёра. Гэта адбылося 27 чэрвеня 2023 года ў Палацы незалежнасці на ўрачыстай цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Раней ён быў камандзірам авіяцыйнай базы ў Мачулішчах. У Лук'яновіча трое дзяцей: сын — пілот грамадзянскай авіяцыі ў вялікай расійскай кампаніі (у адкрытых крыніцах не называецца якрй), лётае на самалёце Boeіng 747, а дачка вучыцца ў Нямеччыне.
Па Дзяржынскай гарадской выбарчай акрузе № 31 у дэпутаты вылучаецца 33-гадовая генеральная дырэктарка інфармацыйнага агенцтва "Мінская праўда" Ларыса Коршун. "Мінская праўда" лічыцца ледзь не самым адыёзным дзяржвыданнем краіны апошніх гадоў, а Коршун — вядомай прапагандысткай ад яе. Газета таксама вядома сваімі скандальнымі карыкатурамі. Як адзначала "Наша Ніва", "у сацсетках Коршун публікаваліся фота і цытаты Лукашэнкі яшчэ да 2020 года. У цэлым з яе сацсетак паўстае вобраз класічнай кар’ерысткі часоў дыктатуры. <…> Таксама яна адміністравала тэлеграм-канал „Шкварка NEWS“ (цяпер — „Шкварка 2.0“), у якім, акрамя праўладных, публікуюцца і відавочна абразлівыя і антыўкраінскія матэрыялы, якія таксама з часам могуць стаць прадметам крымінальнай справы пра прапаганду вайны і распальванне міжнацыянальнай варожасці".
У мясцовыя дэпутаты вырашыў вылучацца генеральны дырэктар "Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве" Вадзім Маханько. Кандыдат сельскагаспадарчых навук шмат дае інтэрв'ю пра бульбу і, падаецца, ведае пра яе ўсё.
Зноўку ў дэпутаткі вылучаецца Наталля Якубіцкая — цяпер яна старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Яна ўвайшла ў склад новаўтворанай партыі "Белая Русь", якая была зарэгістравана ў сакавіку гэтага года. За яе будуць збіраць подпісы на Смалявіцкай выбарчай акрузе № 44.
На пасаду дэпутата таксама вылучаюцца дырэктар "Асавец-агра" Уладзімір Клімовіч з Любанскага раёна, дырэктарка "Слуцкага гарадскога Дома культуры" Вольга Шуманіна, начальнік "Слуцкай гарадской ветэрынарнай станцыі" Вадзім Максімчык, начальнік "Старадарожскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях" Уладзімір Усеня, натарыус натарыяльнай канторы Смалявіцкага раёна Валянціна Журомская, старшыня Маладзечанскана раённага аб'ядання прафсаюзаў Таццяна Яцухно.
У дэпутаткі вылучаецца галоўная рэдактарка раёнкі "Крупскі веснік" і радыёпраграмы "Гавораць Крупкі", сябра партыі "Белая Русь" Марына Барадаўка, а таксама начальнік Галоўнага ўпраўлення спорта і турызма Мінскага абласнога выканкама Яўген Булойчык. Жыве ён у Мінску, а вылучаецца па Бярэзінскай выбарчай акрузе № 2. Таксама на дэпутацкае крэсла прэтэндуе старшыня Краснаслабодскага сельвыканкама, сябра Рэспубліканскай партыі парцы і справядлівасці, Алена Шкурко. Подпісы за яе будуць збіраць у Салігорскай сельскай акрузе № 26.