“Белая Русь” і беспартыйныя чыноўнікі – асноўны склад вылучаных кандыдатаў ў дэпутаты на Гарадзеншчыне
На Гарадзеншчыне акруговыя выбарчыя камісіі зарэгістравалі ініцыятыўныя групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты розных узроўняў.
Для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пададзена 14 заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Усе яны зарэгістраваныя. Сярод вылучаных кандыдатаў у дэпутаты, найболей прадстаўленая партыя "Белая Русь" (8 вылучэнцаў). Зарэгістраваны таксама адзін прадстаўнік Камуністычнай партыі Беларусі.
Сярод пяці беспартыйных – дзейсныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Дзяржпагранкамітэта Міхаіл Аксенюк.
Для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў была зарэгістраваная 61 заява. Большасць партыйных вылучэнцаў прадстаўляюць партыю “Белая Русь”. Па аднаму прадстаўніку ад Камуністычнай партыі і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Сярод вылучаемых кандыдатаў у дэпутаты аблсавета – 27 беспартыйных. Пераважная большасць з іх складаюць дырэктары розных дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў.
Што датычыцца прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, то інфармацыя пра іх дагэтуль адсутнічае на афіцыйных сайтах Гарадзеншчыны.