У Віцебскай вобласці ў чвэрць выбарчых акруг не пададзены заявы для рэгістрацыі ініцыятыўных груп
"Віцебская Вясна" паведамляе, што на Віцебшчыне прэтэндэнты на мандаты органаў заканадаўчай і прадстаўнічай улады падалі ў акруговыя і тэрытарыяльныя выбаркамы 1712 заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Гэта складае 78% ад 2198 дэпутацкіх месцаў усіх узроўняў.
Так, у акруговыя выбаркамы на 14 дэпутацкіх месц па выбарах у Палату прадстаўнікоў пададзена 15 заяў. У абласную выбарчую камісію паступілі 63 заявы, а трэба выбраць 60 дэпутатаў. У раённыя адпаведна 457, гарадскія (гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання) — 99, сельскія (пасялковыя) — 1081 заяву.
Неабходна адзначыць, што ў 2024 годзе на Віцебшчыне плануецца абраць 2198 дэпутатаў. У тым ліку 1459 — пярвічнага ўзроўню прадстаўнічых органаў улады, 679 — раённага і гарадскога, 60 дэпутатаў абласнога Савета дэпутатаў і 14 — у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"