Калінкавічы: “Белая Русь” і КПБ заклікаюць да ўдзелу ў выбарах і распавядаюць пра свае планы
“Калінкавіцкія навіны” прадаставілі пляцоўку для выступу кіраўнікоў раённых аддзяленняў партыі “Белая Русь” і Камуністычнай партыі Беларусі.
У сваіх выступах намесніца старшыні райвыканкама, старшыня раённага аддзялення партыі "Белая Русь” Ірына Шакалян і старшыня райсавета ветэранаў, першы сакратар раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Мікалай Буцэнка знаёмяць жыхароў са сваімі задачамі і намерамі пад час бягучай электаральнай кампаніі, тым самым вядуць прыхаваную агітацыю жыхароў раёна аддаваць галасы за сваіх вылучэнцаў.
Так, Ірына Шакалян распавядае, што "Белая Русь" будзе вылучаць кандыдатаў у дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў, што дазволіць прыцягнуць у шэрагі партыі людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якім неабыякава будучыня краіны.
“У ходзе электаральнай кампаніі сябры партыі будуць прасоўваць ідэі, накіраваныя на ўмацаванне незалежнай, моцнай, квітнеючай Беларусі і пабудову сацыяльна справядлівага грамадства, у якім кожны грамадзянін адчувае сябе свабоднай, самадастатковай асобай. Наша задача – умацоўваць адзінства беларускага народа і імкнуцца стаць магутнай палітычнай сілай, якая аб'ядноўвае і цэментуе грамадства”, – кажа яна.
А Мікалай Буцэнка паведамляе, што ў Калінкавіцкай арганізацыі КПБ 88 чалавек. Каля 50% з іх будуць задзейнічаны ў маючай адбыцца электаральнай кампаніі ў якасці назіральнікаў альбо ў складзе выбарчых камісій рознага ўзроўню.
“Адным словам – мабілізуем усе сілы, каб заклікаць кожнага выбаршчыка 25 лютага 2024 года прыняць удзел у галасаванні і, адклаўшы ў бок дамашнія справы, прадэманстраваць сабе і ўсяму свету, што мы адзіны народ, што мы гаспадары ў сваім бацькавым доме і самі вызначаем свой лёс і будучыню нашай Радзімы”, – распавядае камуніст.