ЦВК запрасіў назіраць за выбарамі* "салідных парламентарыяў" з краін СНД
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ўжо накіравала запрашэнні калегам у краінах СНД для ўдзелу ў назіранні за адзіным днём галасавання, які пройдзе 25 лютага 2024 года, распавёў у эфіры тэлеканала СТБ кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.
Назіральнікаў, акрамя ЦВК, могуць запрашаць Аляксандр Лукашэнка, парламент, урад і Міністэрства замежных спраў, нагадаў Ігар Карпенка.
"Магу адказаць за ЦВК. Мы ўжо накіравалі запрашэнні цэнтральным выбарчым камісіям краін СНД. Магу супакоіць усіх тых, каго хвалюе, ці будуць у нас міжнародныя назіральнікі. Магу адказаць адкрыта: будуць", — сказаў ён.
Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў паведаміў, што ад арганізацыі назіральнікамі будуць "самавітыя парламентарыі з багатым жыццёвым і прафесійным вопытам".
Што тычыцца нацыянальных назіральнікаў, то іх падрыхтуе, напрыклад, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі
"Мы правядзем адпаведную падрыхтоўку і навучанне. Назіральнік будзе разумець і свае правы, і свае паўнамоцтвы, і патрабаванні заканадаўства, каб правільна і прафесійна весці назіранне за тым, як будзе арганізаваны выбарчы працэс", — распавёў кіраўнік ФПБ Міхаіл Орда.
Але, як адзначалі праваабаронцы, такія назіральніцкія місіі нельга назваць незалежнымі ці аб’ектыўнымі. У недэмакратычных уладаў часта ёсць спакуса арганізаваць квазінезалежнае назіранне, каб мець у распараджэнні выгадную ацэнку выбараў. Таксама гэта спосаб прадставіць альтэрнатыўныя вынікі назірання, якія падмацоўваюць пазіцыі дзейных уладаў.
"Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі". Што важна ведаць пра незалежнае назіранне за выбарамі*