Рэчыца: адзінокі пікет па зборы подпісаў на ўваходзе ў краму
Рэчыцкі “Дняпровец” 3 студзеня паведамляе, што пікетаванне па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу працягваецца ў Рэчыцкім раёне.
“Ініцыятыўная група аднаго з кандыдатаў размяшчалася каля гандлёвага цэнтра, у месцы, дзе заўсёды шмат рэчычан і прапаноўвала пакінуць свае подпісы за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты”, - піша раёнка.
Аднак на апублікаваным фотаздымку бачна, што збор подпісаў адбываецца не каля гандлёвага цэнтра, а пад навесам, каля ўваходу, што парушае рашэнне райвыканкама “Аб вызначэнні ў Рэчыцкім раёне месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў".
Адзінае фота на сайце змясцілі нават двойчы.
Таксама не паведамляецца, за вылучэнне якога кандыдата ставяць свае галасы рэчычане.
Падобныя пастановачныя фота пачалі з’яўляцца і ў іншых раённых СМІ. Там таксама не паведамляюць прозвішчаў прэтэндэнтаў, за якіх збіраюць подпісы. Аднак амаль на ўсіх здымках відаць, ад якой партыі ці арганізацыі вылучаецца кандыдат. У большасці выпадкаў — гэта “Белая Русь”.