На выбары ў Магілёўскі гарсавет адмовілі ў рэгістрацыі толькі адной ініцыятыўнай групе
MAYDAY паведамляе, што на выбары ў Магілёўскі гарадскі савет дэпутатаў зарэгістравалі 46 ініцыятыўных груп. Адмовілі толькі адной – мяркуючы па-ўсяму, сын не ведаў, што знаходзіцца ў ініцыятыўнай групе ў бацькі.
25 снежня скончылася рэгістрацыя ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян Беларусі ў кандыдаты ў дэпутаты рознага ўзроўню. Магілёўскі гарадскі выбаркам зарэгістраваў усіх, хто хацеў, акрамя аднаго чалавека.
Выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы магілёўцу Міхаілу Грамыку, які збіраўся вылучацца кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў па Грабянёўскай выбарчай акрузе № 39. Падставай стала тое, што па прызнаным уладамі Выбарчым кодэксе ў склад ініцыятыўнай групы павінна быць уключана ад 3 да 10 выбаршчыкаў. У Магізбіркам былі накіраваныя звесткі аб 3 сябрах групы Міхаіла Грамыкі. Аднак у ходзе праверкі, як сцвярджае выбарчая камісія, адзін з членаў групы «не ведаў, што знаходзіцца ў ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты». Цікава, што гэтым чалавекам, мяркуючы па-ўсяму, апынуўся сын Міхаіла Грамыка — Грамыка С. М.
Жыхару Магілёву было адмоўлена ў рэгістрацыі. У судзе ён рашэнне, паводле інфармацыі MAYDAY, не абскардзіў. Незалежных назіральнікаў на наяўных электаральных падзеях адрэзалі ад працэсу (як мінімум у Магілёўскай вобласці) — адпаведна, нельга ацаніць, наколькі правамерна дзейнічала камісія.
Да выбараў у Магілёўскі гарадскі савет дапусцілі былога кіраўніка Магілёўскага гарвыбаркама; сілавіка; начальнікаў, дырэктараў і іншых.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"