У Горках за выбары адказвае чалавек, які фальсіфікаваў раней
MAYDAY паведамляе, што старшынёй акруговай выбарчай камісіі Горацкай выбарчай акругі № 82 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прызначаны Андрэй Панамароў.
Чыноўнік пачаў кар'еру ў дзяржаўных прафсаюзах і ўдзельнічае ў выбарчых камісіях рознага ўзроўню ўжо больш за дзесяць гадоў. Упершыню старшынёй камісіі ён быў абраны на мясцовых выбарах 2014 года і даў патрэбны ўладзе вынік. На парламенцкіх выбарах 6-га склікання ў 2016 годзе яго ўжо ўзялі ў намеснікі старшыні акруговай выбарчай камісіі (АВК). Традыцыйна ён вылучаецца ад прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
На парламенцкіх выбарах 2019 года ён быў шараговым сябрам АВК №82. І кар'ера ішла ў гару, чыноўнік на той момант даслужыўся да крэсла намесніка начальніка ўпраўлення па эканоміцы райвыканкама.
У 2020 годзе, як паказвае платформа анлайн-маніторынгу працэсаў галасавання ў Беларусі ZUBR.in, "у якасці члена камісіі Андрэй Панамароў прымаў непасрэдны ўдзел у працэсе фальсіфікацыі вынікаў выбараў Прэзідэнта РБ 2020 года ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці".
У 2022 годзе чыноўнік быў прызначаны намеснікам старшыні выбарчай камісіі па рэферэндуме. І ў гэтым жа годзе быў чамусьці паніжаны на пасадзе ў Горацкім райвыканкаме. На сёння ён займае пасаду толькі галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"