Магілёў: у раённыя выбарчыя камісіі бяруць толькі правераныя кадры
У распараджэнне MAYDAY TEAM трапіў спіс старшыняў і сакратароў прыкладна паловы раённых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у Магілёўскай вобласці. Як бы ні хавалі прозвішчы, яны становяцца вядомыя. І ўжо можна зрабіць выснову: выканаўчая ўлада жорстка трымае кантроль над камісіямі, у іх бяруць толькі правераныя кадры.
Перш за ўсё, кідаецца ў вочы колькасць чыноўнікаў выканкамаў і тасаванне кадраў: так, напрыклад, старшынёй Магілёўскай абласной выбарчай камісіі прызначаны намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Яўген Алекса, а ў сакратары яму прызначылі начальніка ўпраўлення кадравай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрыя Цімафеенку.
У Бабруйскім раёне старшынёй выбарчай камісіі стала начальніца аддзела ЗАГС райвыканкама Марына Емяльянава. А сакратар у яе — Святлана Семенчукова, намесніца галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі райвыканкама, якая праявіла сябе ў ранейшыя палітычныя кампаніі.
Крыху інакш справа ідзе ў Быхаве. Там кіруе раённым выбаркамам начальнік Быхаўскага водаканала Юрый Дзямідаў, але сакратаром прызначаная ўсё ж чыноўніца райвыканкама – начальніца ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Алена Пугачова.
У Горках раённым выбаркамам ужо доўгія гады кіруе лідар дзяржаўных прафсаюзаў Леанід Ягоранка. У сакратары яму прызначаная галоўная спецыялістка аддзела культуры райвыканкама Марына Борбут.
У Кіраўскім раёне старшыня камісіі стала начальніца фінансавага аддзела райвыканкама Галіна Шупікава. А сакратар, як і раней, правераны кадр — галоўная спецыялістка райсавета дэпутатаў Ірына Бобр.
У Клічаве старшынёй камісіі аднагалосна абралі старшыню ветэранскай арганізацыі Анатоля Гертмана, а ў сакратары ўпісалі начальніцу аддзела арганізацыйна-кадравай работы Клічаўскага райвыканкама Галіну Ерашэнка.
Крычаўская раённая выбарчая камісія абрала старшыня Алену Здановіч з Беларускага Фонду міру, а сакратарка ў яе — Наталля Ткачэнка з «Белай Русі».
Круглянскую выбарчую камісію ўзначаліла нядаўна прызначаная намесніцай старшыні райвыканкама Святлана Лебедзева (раней узначальвала фінаддзел райвыканкама). Сакратаром стала галоўная юрысконсультка райвыканкама Кацярына Нікіціна.
У Мсціславе райвыбаркам даверылі начальніку аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Генадзю Юрчанку, ён стаў старшынёй. А ў сакратары накіравалі начальніцу аддзела ідэалогіі райвыканкама Вольгу Лазараву.
У Асіповічах раённую камісію ўзначаліла начальніца па працы і занятасці райвыканкама Алена Старавойтава, а сакратаром стала галоўная спецыялістка раённага Савета дэпутатаў Марына Куліш.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"