На Берасцейшчыне робяць стаўку на праўладныя прафсаюзы, створаны адмысловы штаб
У склад 213 тэрытарыяльных і 16 акруговых выбарчых камісій на Берасцейшчыне праўладнымі прафсаюзнымі органамі вылучаны і ўключаны 313 прадстаўнікоў (46,6% ад усіх грамадскіх аб'яднанняў). У гарадскіх і сельскіх выбаркамах вылучэнцы прафсаюзаў займаюць больш за 50%.
Такія лічбы агучыў абласной газеце "Заря" старшыня Брэсцкага абласнога аб'яднання праўладных прафсаюзаў Аляксандр Рагачук.
“Усяго ў вобласці ў тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі ўключана 1484 чалавекі. З іх 606 (больш за 40%) ад прафсаюзаў. У вобласці ўжо акрэдытаваны 461 назіральнік, у тым ліку 229 ад ФПБ. А гэта 65% ад усіх грамадскіх аб'яднанняў,” - заявіў лідар прафсаюзаў Брэстчыны.
Аляксандр Рагачук дадаў, што ва ўсіх 19 раёнах вобласці вызначаны каардынатары назіральнікаў, якімі сталі кіраўнікі раённых і гарадскіх аб'яднанняў прафсаюзаў, старшыні раённых галіновых арганізацый.
Пра тое, што Берасцейшчына робіць стаўку на прадстаўнікоў праўладных прафсаюзаў сведчыць таксама той факт, што пры абласным аб'яднанні прафсаюзаў на час выбарчай кампаніі створаны адмысловы штаб.