Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Горках пра збор подпісаў адсправаздачылася сельскагаспадарчая акадэмія

MAYDAY паведамляе, што Горацкая сельгасакадэмія (БДСГА) на сваім сайце адcправаздачылася аб зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты. Яшчэ 28 снежня быў выстаўлены пікет падчас абедзеннага перапынку — і раптам каля кінатэатра "Крыніца" адразу ж сабралася больш за дваццаць чалавек.

Збор подпісаў, як высветлілася, ажыццяўляла намесніца дэкана па выхаваўчай працы факультэта бізнесу і права БДСГА Вольга Леўкіна, а ў Магілёўскі аблсавет хоча трапіць дэкан гэтага факультэта, сябра партыі "Белая Русь" Наталля Глушакова. Дапамагаў з афармленнем выкладчык Вячаслаў Мацюк.

horki_vabary.jpg

Нібыта выпадкова міма праходзіла ўладальніца звання "Студэнт года", трэцякурсніца факультэта Ангеліна Шаўчэнка, якая адной з першых паставіла свой подпіс. А потым да выстаўленага на мароз стала пад сцягам, прынесеным з прыёмнай БДСГА падышоў трэцякурснік факультэта бізнесу і права Кірыл Лосеў і загаварыў "аб грамадзянскай адказнасці кожнага жыхара нашай краіны".

Прыкладна за паўгадзіны пад кантролем намесніка дэкана подпісы паставілі 25 чалавек – студэнты трэцяга курса і супрацоўнікі факультэта бізнесу і права. Потым усе разам урачыста сфатаграфаваліся для справаздачы мясцовай раёнкі "Горацкі веснік".

horki_vabary1.jpg

Днём раней на гэтым жа месцы "вахту" трымаў намеснік дэкана па выхаваўчай працы факультэта бухгалтарскага ўліку БДСГА Дзмітрый Крукаў. Ён не стаў арганізоўваць масоўку, будучыя бухгалтары прыходзілі партыямі па пяць чалавек.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"