У Віцебску да збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты прыцягваюць адміністрацыйны рэсурс
У Віцебску подпісы ў падтрымку кандыдатаў у дэпутаты збіраюць з падтрымкай адміністрацыйнага рэсурсу. "БЕЛТА" апублікавала фотаздымкі, на якіх заўважная сімволіка Адзінага дня галасавання, якой карыстаецца адміністрацыя дзяржаўных ворганаў улады.
У Пастанове Цэнтральнага выбарчага Камітэту пра высоўванне праз збор подпісаў не пазначана, што ініцыятыўным групам выдаюцца атрыбуты Адзінага дня галасавання. Не сказана пра гэта і ў іншых пастановах. Значыць, наяўнасць шыльдаў, сцягоў і банэраў такога кшталту сведчыць пра тое, што для збору подпісаў выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Гэта айдэнтыка дзяржаўных ворганаў улады, якія адказныя за арганізацыю выбараў і не звязаныя з канкрэтнымі кандыдатамі і кандыдаткамі.
У выбарчым заканадаўстве, якое ў Беларусі недасканалае, няма прамой забароны на прыцягненне адміністратыўнага рэсурсу да задач такога кшталту. Варта адзначыць, што збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты ўвогуле ніяк не рэгулюецца Выбарчым кодэксам. Але ў нормах пра прэзідэнцкія выбары адзначаная забарона ўдзелу "адміністрацыі" ў зборы подпісаў (артыкул 61 Выбарчага кодэксу). За перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, а таксама злоўжыванне ўладай, бяздзеянне ўлады санкцыі прадугледжаныя арт. 455 і арт. 462 Крымінальнага кодэксу.
Забарона злаўжывання адміністрацыйным рэсурсам прапісаная ў пагадненнях дзяржаў-удзельніц АБСЕ — гэта пункт 5. 4 у Капенгагскім дакуменце АБСЕ 1990 года. Гэта зафіксавана таксама ў арт. 25 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама ў Канвенцыі ААН супраць карупцыі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"