Жабінка: раёнка ўжо цэлы месяц распавядае пра людзей, якія сабраліся ў дэпутаты
Раённыя дзяржаўныя СМІ усё часцей выкарыстоўваюць свае пляцоўкі для выступу кіраўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый і партый, мясцовых кіраўнікоў для заклікаў аб удзеле грамадзян у Адзіным дні галасавання 25 лютага.
Так, па назіраннях “Брэсцкай вясны”, з 17 снежня 2023 года жабінкаўская раённая газета “Сельская праўда” выпусціла на сайце пяць падобных матэрыялаў у фармаце “Расказваем пра людзей нашага раёна". У артыкулах распавядаецца аб твм, дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, калі прыехаў працаваць у Жабінкаўскі раён той ці іншы наменклатуршчык.
Па дзіўным супадзенні, усе тыя пяць такіх артыкулаў – пра людзей, якія сабраліся ў дэпутаты і ўжо маюць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы.
Пра "выпадковых" людзей за месяц не было ніводнага такога артыкула.
Так, сярод усіх настаўнікаў Жабінкі і раёна, у поле зроку журналістаў трапіла менавіта Таццяна Ярмоловіч — настаўніца СШ №2 Жабінкі. А яшчэ яна збіраецца ў раённы Савет дэпутатаў.
Аналагічна з Мікалаем Алешкам – чамусьці сярод усіх чыгуначнікаў раёнка напісала менавіта пра яго, галоўнага інжынера Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. І Алешка таксама збірае подпісы, каб абірацца ў раённы Савет дэпутатаў.
Падобная гісторыя з галоўбухам ААТ “Вазнясенскі” Рытай Еўтуховіч, дырэктарам жабінкаўскай ЖКГ Мікалаем Галавейкам і галоўным інжынерам УП "Аграазяты" Андрэем Дзецуком.
А каментар па міліцэйскай тэме выданню дае таксама патэнцыйны кандыдат у дэпутаты — старэйшы ўчастковы Сяргей Галоўчык. Гэта значыць ён 6-ы жадаючы стаць дэпутатам Жабінкаўскага райсавета, пра каго раёнка напісала крыху менш чым за месяц.
«Мы вельмі ўдзячныя абласным ды раённым уладам за магчымасць атрымаць кватэру ў Жабінцы нашмат хутчэй, чым у абласным цэнтры», - хваліць улады ўжо згаданая вышэй Еўтуховіч.