Ліда: збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты прайшоў з песнямі і пляскамі
З выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу ў Лідзе 11 студзеня правялі пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата па Лідскай выбарчай акрузе №55 у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Па акрузе балатуецца кіраўнік раённай арганізацыі “Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” Станіслаў Карабан. Ён вылучаецца ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Вось як асвятляе пікет праўладная “Лідская газета”:
“Меладычныя напевы таленавітых навучэнцаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, стэнд з сімволікай адзінага дня галасавання і ажыўленне прыцягвалі ўвагу мінакоў. Людзі падыходзілі, з цікавасцю знаёміліся з біяграфіяй прэтэндэнта і ахвотна ставілі свае подпісы для вылучэння кандыдата па Лідскай выбарчай акрузе №55”.
Па словах сябра ініцыятыўнай групы Крысціны Данюш, усяго ў складзе ініцыятыўнай групы Станіслава Карабана 35 чалавек, усе з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.