На выбарах*2024 на ўчастках будуць "трывожныя кнопкі", а вакол — відэаназіранне
Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў 13 студзеня ў праграме "Пытанне нумар адзін" на тэлеканале "Беларусь 1" распавёў пра працу міліцыі падчас выбараў*2024. Міліцыянты плануюць абследваць кожны выбарчы ўчастак, акрамя гэтага, там будуць усталяваныя кнопкі трывожнай сігналізацыі. Такія падвышаныя "меры бяспекі" прадыктаваны масавымі пратэстамі ў 2020 годзе, якія, па сутнасці, разгарнуліся менавіта з выбарчых участках, калі многія выбаршчыкі засталіся каля іх дзяжурыць, каб пракантраляваць абнародаванне камісіямі вынікаў галасавання. Нават былі зафіксаваныя выпадкі, калі члены камісій не вывешвалі вынікі і пакідалі ўчасткі ў суправаджэнні міліцыі праз "чорныя хады", каб не сутыкнуцца з грамадзянамі, якія маглі выкрыць іх у фальсіфікацыі.
"Ужо сёння ва ўсіх рэгіёнах на прылеглай тэрыторыі, дзе раней былі выбарчыя ўчасткі, усталяваная сістэма відэаназірання. На прыкладзе Мінска: ужо выдзелена адмысловае памяшканне, дзе будзе працаваць не менш як 50 чалавек, будзе кантралявацца кожны выбарчы ўчастак, прылеглая тэрыторыя. У выпадку найменшай небяспекі будуць замацаваныя спецыяльныя групы хуткага рэагавання, якія будуць аказваць дапамогу супрацоўнікам, што будуць забяспечваць ахову грамадскага парадку ўнутры дадзенага памяшкання", — сказаў кіраўнік ведамства.
Паводле Кубракова, міліцыя рыхтавалася да будучых выбараў, "пачынаючы з 2020 года, калі сітуацыя сапраўды была вельмі напружаная", і ўжо на канстытуцыйным рэферэндуме 2022 года "бяспека на выбарчых участках ажыццяўлялася зусім па-іншаму".
"Тактыка і стратэгія ўжо выпрацавана, мы рыхтуем свой асабісты склад. Асабовы склад павінен быць гатовы дзейнічаць у любой сітуацыі, у тым ліку ў самай складанай. Наш прэзідэнт заўсёды кажа: "Хочаце міру — рыхтуйцеся да вайны". Мы робім сапраўды гэтак жа. Так, сёння бяспека гарантаваная, так, аператыўнае становішча знаходзіцца пад кантролем. Але ўсё роўна асабовы склад павінен быць гатоў падняцца па сігнале “збор” і выканаць пастаўленую задачу ў любой сітуацыі. Мы праводзім такія вучэнні. На працягу [мінулага] года ўжо было праведзена не адно вучэнне", — сказаў ён.
З 2020 года, паводле слоў чыноўніка, у Беларусі "вельмі добра папрацавалі над заканадаўствам", якое цяпер дазваляе "забяспечваць ахову грамадскага парадку і працаваць недзе на апярэджанне".
"Я хачу сказаць усім, у тым ліку тым, хто нас глядзіць з-за мяжы: такога, як было ў 2020 годзе, калі хадзілі і блакавалі вуліцы, білі лаўкі, ламалі інфраструктуру, не будзе. Найменшае парушэнне дзеючага заканадаўства — рэакцыя будзе імгненнай. Перагібаў не будзе, але парадак будзе забяспечаны".
У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе.