Намеснік міністра ўнутраных спраў палохаў лунінецкія ўлады страшылкамі пра выбары
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка прыняў 12 студзеня удзел у пасяджэнні Лунінецкага райвыканкама. Ён падрабязна спыніўся на тэме маючых адбыцца выбараў, акцэнтаваўшы ўвагу праваахоўнікаў на забеспячэнні бяспекі на ўчастках для галасавання, паведамляе міліцэйскі тэлеграм-канал "Крэпасць".
Ён расказаў, што ў рэспубліцы ўжо праводзіцца работа па абсталяванні гэтых аб'ектаў сістэмамі відэаназірання і ахоўнай сігналізацыі, а іх кругласутачную абарону забяспечаць супрацоўнікі міліцыі. Акрамя таго, для падтрымання правапарадку на вуліцах будуць сфармаваныя дадатковыя патрульныя нарады і групы хуткага рэагавання.
“Крэпасць” таксама прыводзіць некаторыя страшылкі, на якія ўлады мусяць рэагаваць. Так, па словах сілавікоў, адным з асноўных спосабаў махлярства з'яўляецца стварэнне фэйкавых старонак кандыдатаў ці палітычных партый. Ашуканцы выкарыстоўваюць лагатыпы, слоганы і іншыя атрыбуты рэальных кампаній, каб стварыць бачнасць легітымнасці.
“Яшчэ адным упадабаным метадам з'яўляецца распаўсюджванне фэйкавых навін праз сацыяльныя сеткі і мессенджеры. Ашуканцы ствараюць падробленыя артыкулы або відэа, якія могуць утрымліваць ілжывую інфармацыю пра кандыдатаў ці партыях, што ў выніку можа прывесці да скажэння грамадскай думкі і ўплыву на вынікі выбараў” – настаўляюць электарат сілавікі.
Юрый Назаранка таксама казаў аб тым, што органы ўнутраных спраў валодаюць дастатковым рэсурсам сіл і сродкаў для эфектыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні аператыўнай абстаноўкі.