У Слаўгарадзе вызначаюць кандыдатаў у дэпутаты ад праўладнай партыі ў працоўны час
MAYDAY паведамляе, што ў Слаўгарадзе справаздачна-выбарны сход мясцовай ячэйкі праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці правялі ў УКП "Жылкамгас" проста ў працоўны час.
Галоўнымі пытаннямі парадку дня 11 студзеня былі абранне новага лідара партыі і вызначэнне кандыдатур у дэпутаты ад партыі да адзінага дня галасавання. Вяла мерапрыемства галоўная спецыялістка сектара ідэалагічнай работы райвыканкама Вікторыя Твярдова. Яна заявіла, што замест Міхаіла Грамыкі лідарам Слаўгарадскага аддзялення РППС стане кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Чыж.
Цікава, што сам Міхаіл Грамыка жыве ў Мінску і займаецца рамонтамі. А дырэктарам УКП "Жылкамгас" доўгі час працаваў яго бацька Пётр Грамыка, у мінулым вайсковец-танкіст. Грамыка сышоў на пенсію, а яго месца з 4 студзеня заняў Дзмітрый Лугаўцоў.
Твярдова заявіла, што Міхаіл Грамыка склаў свае паўнамоцтвы, таму павінны да кіраўніцтва прыходзіць "больш актыўныя партыйцы і моладзь". У выніку выбралі лідэра, які старэйшы за папярэдняга.