На Віцебшчыне "конкурс" у Парламент — 2,5 чалавекі на месца, большасць з іх — жанчыны
"Віцебская Вясна" паведамляе, што завяршылася падача дакументаў для рэгістрацыі на кандыдатаў у дэпутаты Парламента і мясцовыя саветы. Паводле інфармацыі абласной выбарчай камісіі, на Віцебшчыне неабходна абраць 14 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, на якія прэтэндуюць 35 чалавек.
Сярод іх 20 актывістаў палітычных партый, у асноўным гэта сябры Беларускай партыі "Белая Русь" (9) і ЛДП (9). Прычым на чарговы тэрмін вырашылі балатавацца трое дзейных дэпутатаў Парламента. Працэдура рэгістрацыі кандыдатаў працягнецца па 30 студзеня ўключна, пасля чаго тыя, хто пройдзе яе паспяхова, атрымаюць пасведчанні кандыдатаў і пачнуць агітацыю.
Дарэчы, ахвотых па другім разе папрацаваць у якасці дэпутатаў мясцовых саветаў у прапарцыйных адносінах куды меней: усяго сем дзейных дэпутатаў з амаль трох тысяч прэтэндэнтаў падалі дакументы на рэгістрацыю. З іх 721 чалавек — прадстаўнікі палітычных партый (гэта 24 % ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў). Найбольшую колькасць кандыдатаў вылучыла Беларуская партыя "Белая Русь" — 621 актывіста (больш за 86 % ад колькасці ўсіх прадстаўнікоў партый). Ад Камуністычнай партыі Беларусі гатовыя пазмагацца за мандаты 47 чалавек, ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі — 38, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — 15 прадстаўнікоў. Беспартыйных вылучэнцаў усяго 100 чалавек.
Яшчэ адна асаблівасць цяперашняй выбарчай кампаніі на Віцебшчыне — гэта палітычная актыўнасць жанчын: іх каля 56 % ад агульнай колькасці тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"