“Прамыўка мазгоў” па-ваўкавыску
У Ваўкавыскім раёне прайшоў так званы "адзіны дзень інфармавання насельніцтва”. Прадстаўнікі сілавікоў і ідэалагічнай вертыкалі зладзілі сустрэчы з прадстаўнікамі некаторых працоўных калектываў, расказвалі, што "асаблівая ўвага надаецца антытэрарыстычнай бяспецы і прафілактыцы экстрэмізму".
Адна з сустрэч прайшла з прадстаўнікамі Ваўкавыскага лясгасу.
Не забыліся вертыкальшчыкі і пра так званыя “выбары”, якія адбудуцца ў Адзіны дзень галасавання 25 лютага. Як паведамляе "Гарадзенская праваабарона", прапаганду сярод працаўнікоў вялі намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Таццяна Андрушкевіч, старшыня Ваўкавыскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Наталля Зіневіч, начальнік Ваўкавыскага РАНС Сяргей Якімовіч, першы намеснік начальніка РАУС Руслан Талочка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзь Дарожка.
З іншым калектывам – прадстаўніцтвам Белдзяржстраху па Ваўкавыскім раёне – працавала ўжо іншая брыгада наменклатурных прапагандыстаў: старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Навіцкі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алена Радута, намеснік начальніка РАНС Алег Затоўка, начальнік РАУС Аляксандр Вайтовіч, пракурор Ваўкавыскага раёна Аляксандр Пецэвіч, старшыня раённай арганізацыі ГА "Белая Русь" Вячаслаў Гусак.
Варта дадаць, што рабочыя паездкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікоў рэспубліканскага і абласнога маштабаў актывізаваліся на Гарадзеншчыне менавіта пад час правядзення выбарчай кампаніі.