У Магілёве ўпершыню ў цяперашняй электаральнай кампаніі не зарэгістравалі двух кандыдатаў у дэпутаты
MAYDAY паведамляе, што Магілёўская гарадская выбарчая камісія адпрэчыла дакументы двух мясцовых жыхароў, якія хацелі стаць кандыдатамі ў дэпутаты Магілёўскага гарадскога Савета.
Гэта першы выпадак у гэтую электаральную кампанію, калі вылучэнцаў у Магілёве не зарэгістравалі як кандыдатаў у дэпутаты.
Першым стаў Ігар Ягораў, які вылучаўся шляхам збору подпісаў (сабраў 6 падпісных аркушаў – усяго 93 подпісы). Выбаркам заявіў, што ўсе аркушы аформленыя з невыкананнем парадку, а менавіта на кожным з іх адсутнічаў нумар ініцыятыўнай групы Ягорава.
Акрамя таго, прэтэнзіі паўсталі да дэкларацый па даходах і маёмасці, а таксама да анкеты з біяграфічнымі дадзенымі вылучэнца – напрыклад, у рашэнні камісіі пазначана, што там ёсць скарачэнні і арфаграфічныя памылкі, няправільна паказаная вуліца, дзе жыве Ягораў, а таксама адсутнічае дата нараджэння яго жонкі. Магізбіркам прыняў рашэнне не дапускаць Ягорава да выбараў.
Сітуацыя цікавая тым, што Ягораў балатаваўся ў дэпутаты ў Маггарсавет у 2018 годзе і таксама праз збор подпісаў. Тады яго зарэгістравалі як кандыдата ў дэпутаты без усялякіх праблем (праўда, па дадзеных ЦВК, у галасаванні ён прайграў). На той момант Ігар Ягораў працаваў у філіяле "Магілёўэнерга" галоўным энергетыкам, на гэтыя выбары мужчына ішоў ужо ў ролі намесніка дырэктара мясцовага агралесатэхнічнага каледжа.
Другім магілёўцам, якому не пашанцавала з рэгістрацыяй, стаў Вячаслаў Куляшоў. Яго вылучалі два працоўныя калектывы, але беспаспяхова: не аказалася неабходнага кворуму для вылучэння (усяго толькі 11 чалавек з 98), а прадстаўленая анкета з біяграфічнымі дадзенымі не адпавядала неабходнаму ўзору.