На Віцебшчыне зарэгістравана толькі 20% назіральнікаў ад неабходных
"Віцебская Вясна" паведамляе, што ў Віцебскай вобласці тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы ўжо акрэдытавалі крыху больш за 280 назіральнікаў (20 працэнтаў ад мінімальна неабходнага) з грамадзян, якія пражываюць у межах рэгіёну.
Каб у кожным выбарчым участку — а іх у рэгіёне створана 693 — было хаця б па два назіральнікі, неабходна знайсці яшчэ як мінімум 1100 грамадзян з актыўнай палітычнай пазіцыяй. Найбольшую актыўнасць у жаданні назіраць за ходам выбарчай кампаніі праявілі грамадскія арганізацыі. Яны дэлегавалі ў выбаркамы больш за 260 назіральнікаў — 93 працэнты ад агульнай колькасці акрэдытаваных назіральнікаў. Традыцыйна павышаную ўвагу назіранню надаюць Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якія ўжо накіравалі адпаведна 68 і 58 сваіх сяброў. Да ліку актыўных сузіральнікаў усіх відаў праяўлення электаральнай актыўнасці грамадзян можна аднесці 47 сяброў БРСМ, якіх цяпер можна лічыць назіральнікамі, 44 сябры РГА "Белая Русь" і 36 чалавек з "Беларускага саюзу жанчын".
Палітычныя партыі пакуль значна адстаюць ад "грамадскіх" арганізацый. Кіраўніцтва мясцовых партыйных аддзяленняў накіравалі назіраць у камісіях дзесяць сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў, з якіх сем чалавек дэлегавала Беларуская партыя "Белая Русь", траіх — КПБ. Ёсць яшчэ 9 назіральнікаў, якія накіравалі грамадзяне.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"