Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Трэба моцна падумаць, чым адзін вылучэнец адрозніваецца ад іншага". Хто ідзе ў дэпутаты па Міншчыне

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Згодна з каляндарным планам Цэнтральнай выбарчай камісіі рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў адбывалася да 30 студзеня ўключна. Праманіторыўшы гэты этап электаральнай кампаніі праваабаронцы заяўляюць: улада зрабіла ўсё, што магла, каб стварыць ілюзію канкурэнтнай барацьбы за месцы народных абраннікаў. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядаюць пра сітуацыю з кандыдатамі па Мінскай вобласці.

Па Мінскай вобласці на ўсіх 17-ці выбарчых акругах зарэгістраваны па два (на 13-ці акругах) або нават тры (на чатырох акругах) "альтэрнатыўныя" кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, у выбарах* у заканадаўчы орган краіны ў сталічным рэгіёне будзе ўдзельнічаць 38 кандыдатаў. Сярод вылучаных асоб 15 прадстаўнікоў партыі "Белая Русь", тры прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, тры прадстаўнікі ЛДПБ, адзін прадстаўнік КПБ і 16 беспартыйных.

На некаторых акругах выбар давядзецца рабіць даволі своеасаблівы. Напрыклад, у Бярэзінскай выбарчай акрузе № 61 канкурыруюць паміж сабой два члена партыі "Белая Русь". Разабрацца за каго галасаваць выбаршчыкам будзе вельмі нялёгка, бо да ўсяго таго абодва кандыдаты з’яўляюцца дырэктарамі ўстаноў адукацыі. У Капыльскай выбарчай акрузе № 66 у дэпутаты ідуць два беспартыйных кандыдаты, адзін начальнік упраўлення СК, іншы – дырэктар камунальнай гаспадаркі. Тут таксама трэба будзе моцна падумаць, чым адзін вылучэнец адрозніваецца ад іншага. Два члены Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці будуць змагацца за месца ў Палаце прадстаўнікоў па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе № 68. Абодва – дырэктары навучальных устаноў амаль аднаго і таго ж узросту. Паспрабуй разбярыся, хто з іх будзе лепш абараняць народныя інтарэсы. У Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе сыдуцца ў двубоі два беспартыйных: адзін – начальнік аддзелу па надзвычайных сітуацыях абласнога ўзроўню, а іншы – настаўнік спецшколы, выдатнік адукацыі, мае месца на дошцы гонару 2018-га году на сайце Міністэрства адукацыі. Няпросты выбар. На Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 за мандат будуць змагацца два члены Белай Русі, абодва яны – цяжкавагавікі: намеснік старшыні аблвыканкаму і галоўны раённы санітарны доктар.

На васьмі акругах з сямнаццаці партыйцы з "Белай Русі" будуць канкураваць з беспартыйнымі. Усе – спрэс дырэктары, старшыні, начальнікі, ідэолагі, ёсць нават міністр. Вось і думай – ці мае тут значэнне элемент “партыйнасці”.

Трэба заўважыць, што праўладны сцэнар выбараў усё ж, мабыць, падвяргаўся нечаканым зменам, інспіраваным звонку. Гэта асабліва заўважна па тых акругах, на якіх зарэгістравана па тры кандыдаты. Не трэба абманвацца, спадзяючыся, што да працэдуры выбараў* улада магла дапусціць кагосьці, хто сапраўды змог бы канкурыраваць са "сваімі" кандыдатамі. Але калі самавылучэнец вызнае сябе як "канструктыўнага апанента", то – чаму не. Або калі трэцім лішнім на выбары*ідзе вылучэнец ад партыі, найвышэйшае дабро на існаванне каторай даў Мінюст (з гэтай нагоды варта нагадаць, што дабро на існаванне з 15 былых партый пакінулі толькі тром плюс яшчэ адну арганізавалі з нуля).

З гэтага пункту гледжання цікавая канфігурацыя кандыдатаў-канкурэнтаў склалася ў Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе № 63. У Палату прадстаўнікоў там ідуць адразу тры асобы: генерал-маёр у адстаўцы, былы кіраўнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба ВС Рэспублікі Беларусь, член "Белай Русі" Руслан Касыгін, дырэктар установы адукацыі "Барысаўская дзіцячая харэаграфічная школа мастацтва", член "Белай Русі" Ала Руткоўская і прадавец-кансультант ТАА "ГиперАйтиТрейд", беспартыйны Арцём Дубінін. Ён вядзе свой блог у Tik-tok на сацыяльна-палітычныя тэмы і актыўна карыстаецца гэтай пляцоўкай у мэтах свайго прасоўвання на выбарах*. 

dubinin_arcem.png
Арцём Дубінін

Па сутнасці, Дубінін – прадстаўнік той самай канструктыўнай апазіцыі, у існаванні якой так патрабуецца ўлада для легалізацыі працэсу выбараў*, заўважае праваабаронца. Менавіта гэтым можна патлумачыць тое, што невядомы шырокай публіцы самавылучэнец прадавец-кансультант паспяхова пераадолеў этап рэгістрацыі кандыдатаў і зараз рыхтуецца да ўдзелу ў агітацыі. Галоўнае, канешне ж, для гэтага правільна вызначыць генеральны дыскурс будучай выбарчай праграмы.

"Але нават "канструктыўных вылучэнцаў" накшталт Дубініна пачынае занасіць, калі іх перастаць кантраляваць. Усведамляючы свае перспектывы ўдзелу ў барацьбе за крэсла дэпутата, кандыдат-ціктокер адназначна выказаўся аб колькасці людзей "ад станка" ў цяперашнім складзе Палаты прадстаўнікоў – "нуль". А таксам заўважыў і жорстка прайшоўся па парушэннях выбарчага працэсу, з нагоды чаго напісаў скаргі. Але нават пасля такіх выклікаючых паводзінаў першаход прадавец-кансультант застаецца ў дэпутацкай гонцы", – адзначае праваабаронца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Як (не)стаць кандыдатам у дэпутаты на выбарах*2024: чаканне і рэальнасць

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядаюць пра этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў кантэксце міжнародных стандартаў правоў чалавека.