Пры фактычнай адсутнасці альтэрнатыўных прэтэнтэнтаў у кандыдаты – на Гомельшчыне выбарчыя камісіі адмаўляюць у рэгістрацыі
На чарговым пасяджэнні Гомельскай абласной выбарчай камісіі першага лютага былі разгледжаныя дзве скаргі на рашэнні раённай і сельскай выбарчых камісій аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты ў райсавет і сельсавет дэпутатаў. Пра якія выбарчыя камісіі і прзвішчы прэтэндэнтаў не называюцца.
Аднак, як патлумачыў старшыня абласной выбарчай камісіі Пётр Кірычэнка, у адным выпадку заяўнік атрымаў адмову раённай выбарчай камісіі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ў райсавет, бо быў парушаны парадак прадастаўлення дэкларацыі аб даходах. І падстаў для адмены рашэння аб нерэгістрацыі не знайшлося.
"Абскардзіць рашэнне абласной выбарчай камісіі можна ў абласным судзе", - адзначыў Пётр Кірычэнка.
Яшчэ адна скарга была пададзеная на рашэнне сельскай выбарчай камісіі. Заяўніку адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты сельскага савета з-за наяўнасці ў падпісных лістах па вылучэнні больш за 15% недакладных подпісаў выбаршчыкаў ад агульнай колькасці правераных.
Пасля вывучэння дакументаў абласная камісія пакінула скаргу без разгляду, бо гэта ўваходзіць у кола кампетэнцый раённай выбарчай камісіі, якая з'яўляецца для сельскай камісіі вышэйстаячай. У сваю чаргу рашэнне раённай камісіі можа быць абскарджана ў раённым судзе.
Як удакладнілі ў абласной выбарчай камісіі, усяго ў рэгіёне кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зарэгістравана 43 чалавекі, у абласны савет дэпутатаў - 127, раённыя - 1361, Гомельскі гарадскі - 83, сельскія, пасялковыя, гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання) - амаль 2 тыс. Фактычна, альтэрнатыўных кандыдатаў у сельскія і пасялковыя Саветы не будзе.