У Гродзенскі абласны савет выбарчая камісія не зарэгістравала давераную асобу Лукашэнкі
Як паведамлялі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", Гродзенская абласная выбарчая камісія афіцыйна заявіла, што па 60 акругах выбараў у Гарадзенскі абласны савет зарэгістраваны ўсяго 121 кандыдат. Такім чынам знайшлася толькі адна безальтэрнатыўная акруга — Ашмянская №28.
"Наша Ніва" высветліла, што тут у апошні момант адваліўся фаварыт, бізнесовец Андрэй Барбашынскі.
Андрэй Барбашынскі — намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, у мінулым паспяховы гандбаліст. У 1992 стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай СНД. А ў 2020 быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер ён член выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта на чале з Віктарам Лукашэнкам.
Барбашынскі родам з Ашмянаў. Стаў вядомым за кошт гульні ў мінскім СКА, у 1990-я гуляў у клубах з Іспаніі, Венгрыі і Германіі. Пасля сканчэння кар’еры заняў бізнэсам. Зараз працуе дырэктарам беларуска-нямецкай кампаніі "Белабедзінг", якая выпускае матрацы на фабрыцы пад Гродна.
Барбашынскі меўся удзельнічаць у выбарах — ад яго імені сабралі подпісы ў падтрымку, правялі сход працоўнага калектыву. Бізнэсмен падаў дакументы на рэгістрацыю, але ў апошні момант нешта пайшло не так.
У выніку дэпутацкае месца давядзецца заняць яго спарынг-партнёрцы, загадчыцы сектара культуры Ашмянскага райвыканкама Вользе Барысенка-Рабко, якую дадалі ў бюлетэні ад Камуністычнай партыі.