На Магілёўшчыне кандыдат у дэпутаты агітуе галасаваць за сябе людзей, чыё працоўнае месца шмат у чым залежыць ад яго
MAYDAY паведамляе, што ў Магілёўскай вобласці кандыдат у дэпутаты парламента ў межах выбарчай кампаніі актыўна агітуе галасаваць за яго людзей, чыё працоўнае месца шмат у чым залежыць ад яго.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, а ў мінулым міністр аховы здароўя Валерый Малашка ідзе кандыдатам на выбары ў дэпутаты парламента. Балатавацца ён вырашыў па Шклоўскай акрузе № 90 (туды ўваходзіць Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі і частка Магілёўскага раёнаў).
Паводле інфармацыі MAYDAY, менавіта ён будзе прызначаны наступным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па гэтай акрузе. На карысць гэтага кажа хоць бы той факт, што Малашка вылучыўся кандыдатам у дэпутаты ўсімі даступнымі спосабамі – і ад працоўных калектываў, і зборам подпісаў грамадзян і ад партыі "Белая Русь". Яго адзіны візаві па акрузе № 90 – начальнік філіяла "Магілёўаблгаз" Сяргей Баравікоў з Круглага. Ён вылучыўся толькі шляхам збору подпісаў, прытым, што таксама з'яўляецца сябрам партыі "Белая Русь".
Валерый Малашка адразу ж прыступіў да агітацыйных мерапрыемстваў – сустрэч з працоўнымі калектывамі. Так, 31 студзеня Валерый Малашка, як ён сам напісаў у сваім тэлеграм-канале, правёў агітацыйную сустрэчу "з працаўнікамі ўстаноў адукацыі, культуры, СМІ Шклоўскага, Бялыніцкага, Круглянскага і Магілёўскага раёнаў».
У гэтай сітуацыі выклікае пытанне тое, як была праведзеная сустрэча. 31 студзеня ў зале Палаца культуры вобласці прайшло таксама "пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама". У якасці спікераў у ім удзельнічалі чыноўнікі, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня Магаблсавета Ірына Раінчык, прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Таццяна Шэндзік і, уласна, сам Валерый Малашка – як намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, які курыруе ўсе пытанні калегіі на абласным узроўні. Мяркуючы па фотаздымках, яго агітацыйная сустрэча з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, культуры і СМІ прайшла ў гэтай жа зале адразу пасля заканчэння калегіі – гэта значыць з начальніка Валерый Малашка пераўвасобіўся ў кандыдата ў дэпутаты, а слухачы-падначаленыя – у выбаршчыкаў. І ўсё гэта – не пакідаючы памяшкання.
У наступныя дні Валерый Малашка правёў агітацыйныя сустрэчы ў Магілёўскім раёне – у Вендаражы, Завадской Слабадзе, у Хонаўскай сярэдняй школе, Княжыцах, Мастках ды іншых населеных пунктах. Падчас усіх сустрэч аўдыторыі былі запоўненыя максімальнай колькасцю людзей.