Пераважная большасць кандыдатаў у дэпутаты Гомельскага гарсавета – начальнікі і кіраўнікі. Але ёсць і цікавыя асобы
На 40 гарадскіх выбарчых акругах Гомеля зарэгістраваныя 83 кандыдаты у дэпутаты Гомельскага гарсавета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Пераважная большасць з іх – кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада. У спісе кандыдатаў лідзіруюць вылучэнцы партыі "Белая Русь". Сярод тых, хто вырашыў патрапіць у дэпутаты ў 2024 годзе ў Гомелі дзеючы адыёзны дэпутат Віталь Уткін, генеральныя дырэктары кандытарскай фабрыкі "Спартак" Таццяна Лісіцына і ААТ "Гомельшкло" Пётр Максімчыкаў, а таксама намесніца старшыні гарсавета Алена Алексіна.
Кандыдат Віталь Уткін - даволі вядомая асоба. Ён служыў у міліцыі, пасля прайшоў шлях ад Гомельскага аблвыканкама, кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну да Палаты прадстаўнікоў. У апошні час стаў сябрам праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
З 2020 года Уткін вядомы шматлікімі скандальнымі абразамі нацыянальных сімвалаў і праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі, піша «Гомель-Штодзень».
Уткін плануе балатавацца па Юбілейнай акрузе №31. Спарынг-партнёрам будзе дырэктар школы №13, член праўладнай «Белай Русі» Аксана Ляхавец.
Пётр Максімчыкаў вядомы значна менш. Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў яго на пасаду кіраўніка «Гомельшкло» ў 2019 годзе. Да таго ён быў намеснікам дырэктара. Пасля прызначэння каментаваў дзяржСМІ, што сітуацыя на заводзе стабільная, дастаткова добрая, але скардзіўся на прафіцыт на рынку. У 2023 годзе справаздачыўся, што прадпрыемства працуе з прыбыткам, рэнтабельнасць продажаў – амаль 13 працэнтаў.
Ён – член праўладнай партыі «Белая Русь», балатуецца ў абласны савет па Крупскай акрузе. Кампанію яму складзе беспартыйны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі Уладзіслаў Шэпелевіч, якога вылучыў працоўны калектыў.
Таццяна Лісіцына нядаўна ўзначаліла «Спартак», яе кар“ера звязаная з вытворчасцю цукерак, аднак яна ўжо паспела неаднаразова заявіць аб падтрымцы дзяржаўнай палітыкі і непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі.
Алена Алексіна зусім нядаўна стала намесніцай старшыні Гомельскага гарсавета. Раней, з 2004 па 2007 год была намеснікам старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама, з 2007 года да прызначэння на пасаду старшыні Гомельскага райвыканкама — старшынёй Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў.