Гарадзенскі пракурор выкарыстоўвае службовае становішча для агітацыі за сябе на так званых выбарах
Сустрэчы з калектывамі ААТ “Беллакт” і ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” правялі 8 лютага першы намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Юрый Валеваты і намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат. Пра гэта з тэгам “Готовимся к выборам” расказала раённая газета “Наш Час”.
Паведамляецца, што “галоўныя пытанні, на якія прапаноўвалі знайсці адказы выступоўцы, тычыліся цяперашняй электаральнай кампаніі".
Характэрна, што сам пракурор Андрэй Скурат балатуецца ў дэпутаты Гарадзенскага абласнога савету якраз па Ваўкавыскай выбарчай акрузе нумар 3, якая ахоплівае тэрыторыю менавіта гораду Ваўкавыск. Таму такія сустрэчы і выступы ёсць нічым іншым як выкарыстаннем свайго службовага становішча. Каму як ні высокапастаўленаму пракурору, які паводле свайго статусу павінен сачыць за законнасцю, ведаць пра гэта?
Аднак, калі ў краіне “иногда не до законов”, урэшце становіцца не да законаў заўсёды і паўсюль, - піша "Гарадзенская праваабарона".
Акрамя іншага на сустрэчах у буйных працоўных калектывах Ваўкавыску пракурор Скурат расказваў пра супрацьдзеянне “экстрэмізму” і раіў прысутным пачысціць свае тэлефоны і акаўнты ў сацсетках, выдаліць сумнеўныя допісы і лайкі за апошнія 5 гадоў (чаму менавіта за пяць, а не за тры ці за дзесяць, Скурат не патлумачыў).