Заахвочваць гомельцаў ісці на выбары будзе сімвал горада – рысь
Тутэйшыя ідэолагі распрацавалі набор стыкераў з выяваю рысі, каб зрабіць выбары больш прывабнымі.
Рост наведвальнікаў выбарчых участкаў нетрадыцыйнымі метадамі пачалі яшчэ ў савецкім саюзе. Так, у эпоху татальнага дэфіцыту ў кожнай акрузе абавязкова рабілі буфет, дзе можна было набыць мясныя і кандытарскія вырабы па прыдатным кошце. Зараз мы маем перапоўненыя палічкі ў крамах, буфеты пераўтварыліся ў анахранізм і сваю функцыю даўно не выконваюць, але ад іх чамусьці не адмаўляюцца, піша "Штодзень-Гомель".
Напэўна, у Гомельскім гарвыканкаме адчуваюць, што заахвочваць электарат трэба ўжо зусім іншымі метадамі. Таму тутэйшыя спецыялісты распрацавалі набор стыкераў з сімвалам горада – рыссю. Магчыма, што адэпты “Белай Русі” і БРСМ будуць ахвотна посціць гэтыя дзіўныя малюнкі ў "аднакласніках" і перасылаць адно аднаму ў вайберы. Але каб насельніцтва ў вялікай колькасці пайшло на выбары, не хапае галоўнага – выбару. Пакуль выбарчыя працэдуры не стануць дэмакратычнымі і празрыстымі, не дапаможа ні рысь, ні што іншае.