На Гарадзеншчыне выкарыстоўваюць святароў для агітацыі ўдзелу ў выбарах*
Прапагандысцкая кампанія па агітацыі беларусаў ва ўдзеле ў "адзіным дні галасавання" не абыходзіцца без выкарыстання духавенства. Настаяцелі храмаў выступаюць на старонках рэгіянальных праўладных выданняў у якасці аўтарытэтаў, якія заклікаюць вернікаў прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць. Гэтай тэме "Хрысціянская візія" прысвяціла свае даследванне.
Паказаць высокую яўку на, па сутнасці, безальтэрнатыўных фармальных выбарах, і такім чынам заявіць аб падтрымцы грамадствам палітыкі дзяржавы — ідэалагічная задача дзеючай улады. Да яе выканання прыцягваюць нават духавенства, супярэчачы афіцыйнай ўстаноўцы аб тым, што "царква не павінна займацца палітыкай".
Як заўважыла "Хрысціянская візія", пакуль у такой кампаніі ўдзельнічае толькі духавенства Гродзенскай вобласці. У асноўным, гэта праваслаўныя святары, але ёсць і адзін каталіцкі. Прыводзім прыклады.
Публікацыя з загалоўкам "Айцец Георгій ідзе на выбары і заклікае да гэтага сваіх вернікаў" з'явілася ў газеце Астравецкага райвыканкама. Протаіерэй Георгій Савіцкі, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы сцвярджае, што "на выбары трэба ісці абавязкова":
"У кожнай суверэннай і незалежнай дзяржаве павінна быць моцная і дзейсная ўлада, якая можа і павінна паклапаціцца пра сваіх грамадзян і абараніць іх у выпадку неабходнасці. А задача грамадзян-абраць такую ўладу", - паўтарае святар наратывы прапаганды.
Гэта ж выданне прыводзіць словы Мікалая Уцякалко, настаяцеля прыходу святога прарока Іллі ў вёсцы Альхоўцы і храма свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў аграгарадку Варняны. Святар заявіў, што "ўдзел у выбарах — гэта не толькі права, але і абавязак кожнага грамадзяніна краіны":
"Да гэтага я заклікаю і сваю паству. Бо нездарма кажуць: у кожнага народа тая ўлада, якую ён выбірае. Калі мы хочам жыць па справядлівых і мудрых законах, то павінны абраць у адзіны дзень галасавання разумнага і сумленнага прадстаўніка ў парламент. Калі хочам, каб Гродзенская вобласць, Астравецкі раён і кожны сельскі савет развіваліся і квітнелі, то павінны прагаласаваць за годных кандыдатаў у дэпутаты абласнога, раённага і сельскіх Саветаў".
"Паслухмянасць перад народам і дзяржавай", — так названая публікацыя газеты «Светлы шлях» з заклікам удзелу ў выбарах ад імя Анатоля Рэзановіча, настаяцеля храма Праабражэння Гасподняга ў Смаргоні. Святар таксама заявіў, што "прыйсці на выбары і прагаласаваць" — гэта абавязак.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўжо звяртала ўвагу на гэты выступ святара.
Святар са Смаргоні заклікае да "паслухмянасці перад народам і дзяржавай"
Яшчэ адзін прыклад — выказванне настаяцеля храма навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі беларускай у Скідзелі протаіерэя Кірыла Блізнюка. Ён кажа пра тое, што "ў Гродзенскім раёне існуе паразуменне паміж свецкай і духоўнай уладай", нагадвае, што "набліжаецца адзіны дзень галасавання, і меркаванне святароў у гэтым пытанні з'яўляецца вельмі важным", таксама заяўляе, што "нарадзіўшыся, пражываючы ў Рэспубліцы Беларусь, нельга заставацца ў баку ад таго, што ў ёй адбываецца".
Нарэшце, "Лідская газета" ў інтэрв'ю з пробашчам каталіцкага храма наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях ксяндзом Юрыем Бяганскім удакладняе, ці пойдзе той на выбары.
"Безумоўна. Я ўдзельнічаю ва ўсіх выбарах. Гэта мой абавязак як і кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, да гэтага часу ў мяне ў памяці захаваліся прыемныя ўспаміны пра маё першае галасаванне: вельмі хвалюючы і ўрачысты момант. Годных людзей, якія могуць стаць народнымі абраннікамі і будуць працаваць на карысць краіны, нямала. І мы, калі выказваемся за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты, давяраем яму, падтрымліваем яго перадвыбарную праграму і ўпэўнены ў яе рэалізацыі", — адказаў святар.
Акрамя таго, газета Іўеўскага раёна распавяла пра тое, што старшыня райвыканкама правёў сустрэчу са святарамі, заявіўшы, што "ўсе мы грамадзяне сваёй краіны, і павінны выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў ці ў дні датэрміновага галасавання".