На Віцебшчыне няма дэпутацкіх праграм, напісаных на беларускай мове
"Віцебская Вясна" паведамляе, што на 60 дэпутацкіх месцаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў балатуецца 115 кандыдатаў: каэфіцыент канкурэнтнасці — 1,9 чалавека на мандат. Неабходна адзначыць, што ў 10 акругах балатуецца толькі адзін кандыдат, у 45 — па два і ў пяці — па тры кандыдаты. Усе зарэгістраваныя прэтэндэнты на сайце Вітаблвыканкаму апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы. Усе праграмы напісаны на рускай мове.
Практычна ўсе кандыдацкія праграмы носяць агульны характар. У многіх праграмах заўважны большы масштаб праблемаў, якія закранаюць будучыя дэпутаты, маючы "абласны" мандат. Напрыклад, у праграме кандыдаткі у дэпутаты па Гагарынскай выбарчай акрузе № 12 Вольгі Волкавай запісана аб тым, што яна будзе садзейнічаць "развіццю міжнародных сувязяў з педагагічнай супольнасцю РФ і Узбекістана."
"У выпадку аказання мне даверу і падтрымкі я буду адстойваць і дамагацца: захавання і ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі" - абяцае кандыдат у дэпутаты па Бешанковіцкай выбарчай акрузе № 26 кіраўнік справамі Вітаблвыканкама Ігар Кузняцоў. Сябра ЛДПБ Юрый Бондараў (Чыгуначная выбарчая акруга N°43) абяцае жыхарам Оршы "…цвёрда адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, абараняць яе Канстытуцыянальны лад, Суверэнітэт і Незалежнасць! Працаваць на карысць айчыны і на карысць нашых людзей!"
Амаль усе кандыдаты пераконваюць сваіх выбаршчыкаў у тым, што яны будуць садзейнічаць паляпшэнню: медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, стану гарадской і сельскай інфраструктуры і гэтак далей.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"