Напярэдадні адзінага дня галасавання смаргонская пракуратура выносіць папярэджанні "неблаганадзейным" асобам
Папярэджанні аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах масава выносяцца пракурорам у Смаргонскім РАУС. Грамадзяне, якіх выклікалі ў міліцыю на 14 лютага, звязваюць гэта з адзіным днём галасавання, які пройдзе ў Беларусі 25 лютага.
«Сення ранкам тэлефанаваннем з Смаргонскага РАУС нагадалі, што краіна напярэдадні вядомага дзяржаўнага мерапрыемства. А таму трэба а 16-00 зайсці ў РАУС, каб атрымаць папярэджанне ад пракурора аб магчымай адказнасці", – пішуць жыхары райцэнтра.
Прычым, у адрозненні ад ранейшых прафілактычных захадаў улады, не засталіся ў баку і асобы, якія стаяць на ўліку, як схільныя да ўжывання алкаголю.
Папярэджанні ад пракурора атрымалі таксама жыхары Смаргоні, якія адбывалі пакаранне па "народным" і экстрэмісцкіх артыкулах.
Апроч пісьмовага папярэджання аб недапушчальнасці супрацьпраўных паводзін, з грамадзянамі ў асобным пакоі была праведзена працяглая гутарка.