Прагаласаваў датэрмінова – атрымай падарунак
"Светлагорскія навіны" рапартуюць аб актыўным удзеле моладзі ў датэрміновым галасаванні. У якасці ілюстрацыі прыводзяць "свядомы" выбар выпускніка Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, камандзіра студэнцкага атрада "Сокал" Яўгена Карпушэнкі. Ён галасаваў на выбарчым ўчастку № 7, размешчаным у СШ №5 г. Светлагорска.
«Для Яўгена Карпушэнкі цяперашняя выбарчая кампанія першая. Паводле яго слоў, ён з усёй сур'ёзнасцю падышоў да выбару кандыдатаў, якія будуць адстойваць інтарэсы жыхароў рэгіёна на ўсіх узроўнях прадстаўнічай улады», – піша раёнка.
Упершыню галасуючага Яўгена Карпушэнку павіншавала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Яна Ніцыеўская і паднесла памятны падарунак.
Падарункі таксама былі прадугледжаныя і для іншых выбарцаў, якія ўпершыню прыйшлі на выбарчы ўчастак.