Галасуем – камандай, бюлетэні – не фоткаем
У Брэсцкай вобласці за два дні датэрміновага галасавання атрымалі бюлетэні 14,85% выбаршчыкаў, у цэлым па краіне — 14,61%. Высокая яўка патрэбна ўладам, каб паказаць адзінадушнае стаўленне грамадства да электаральнай кампаніі і падцвердзіць правільнасць дзяржаўнай палітыкі. Вось таму студэнтам абяцаюць дадатковы выходны за ўдзел у датэрміновым галасаванні, а спартоўцы на выбарчыя ўчасткі ходзяць строем.
Толькі адзін эпізод. На выбарчым участку №1 Брэста прагаласавалі футбалісты і трэнеры каманды "Дынама-Брэст" ў першы ж дзень датэрміновага галасавання.
"Для ўсёй краіны вельмі важнае мерапрыемства. Мы не маглі гэта абысці бокам, прыйшлі сёння ўсёй камандай — разам з трэнерскім штабам, кіраўніцтвам, гульцамі. Мне здаецца, цяпер усе галасуюць за мір і росквіт краіны. На гэта ўсе думкі накіраваныя, каб усё было добра", — адзначыў брамнік "Дынама-Брэст" Мікіта Сяднёў.
Апроч гэтага, на фотаздымках з участку №1 ў музычным каледжы імя Рыгора Шырмы выразна відаць, што кабінкі для галасавання без шторак, і ў кожнай кабінцы вісіць строгае папярэджанне:
"Забараняецца выносіць выдадзены бюлетэнь за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня".