Якія гадзіннікі збіраюцца "звяраць" гомельскія следчыя падчас галасавання?
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці адбылася сустрэча з аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксеем Аўдоніным. На фінішы выбарчай кампаніі "зверыць гадзіннікі" сабраліся начальнік упраўлення Сяргей Удавікоў, яго намеснікі, кіраўнікі тэрытарыяльных следчых падраздзяленняў, супрацоўнікі абласнога апарата і гарадскога следства.
Пра што гаварылі? Падчас свайго выступу Аляксей Аўдонін асвятліў асаблівасці бягучай выбарчай кампаніі з улікам абноўленага Выбарчага кодэкса:
"Нашыя апаненты шырока ўжываюць інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва Беларусі з мэтай падрыву дзяржаўнай ідэалогіі, дыскрэдытацыі органаў улады і сілавых структур. Для супрацьстаяння маніпуляцыям неабходна пастаянна павышаць узровень ведаў і кампетэнцый, комплексна разглядаць падзеі, якія адбываюцца ўнутры краіны і за мяжой".
Гомельскіх следчых палохалі ідэалагічнымі страшылкамі і вучылі як супрацьстаяць "пасткам дэструктыўных паліттэхналогій" і добра арыентавацца ў крымінагеннай абстаноўцы падчас электаральнай кампаніі.
Хаця, пра нейкае абвастрэнне грамадска-палітычнай абстаноўкі казаць не даводзіцца: грамадства настолькі запалоханае, што праяўленняў пратэстных настрояў чакаць не даводзіцца.