Як на Віцебшчыне праходзіць апошні тыдзень перад галасаваннем
"Віцебская Вясна" распавядае, што апошні тыдзень перад адзіным днём галасавання ўлады выкарыстоўваюць напоўніцу – ладзяць пікеты за праўладных кандыдатаў, ездзяць па прадпрыемствах, сустракаюцца з людзьмі і праводзяць так званыя дні інфармавання.
ДзяржСМІ спрабуюць выклікаць у чытачоў інтарэс да выбараў, пішучы пра «патэнцыйна цікавыя дуэлі». Паводле гарадской газеты «Витьбичи», са 128 кандыдатаў у дэпутаты абласнога савета 108 чалавек з'яўляюцца кіраўнікамі або намеснікамі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Газета спрабуе стварыць інтрыгу са спаборніцтва паміж «дырэктарам установы адукацыі і топ-менеджарам прадпрыемства рэальнага сектара эканомікі», або са «спарынгу паміж кіраўніком з гуманітарнай сферы і буйным чыноўнікам». Газета заўважыла ажно два інтрыгоўных сюжэты, якія меркавана, мусяць абудзіць інтарэс мясцовых жыхароў да ўдзелу ў выбарах.
Прыкладам, супернікамі па Ноўкінскай выбарчай акрузе з'яляюцца дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Віцебскім раёне Алена Волахава (уладальніца гучнай пасады з мінімальным уплывам) і Ігар Ісачанка, былы дзейны дэпутат абласнога савета апошняга склікання, які мусіў пакінуць дэпутацкае крэсла ў сувязі з прызначэннем старшынём Аршанскага райвыканкама. Газета заўважыла і яшчэ адзін падобны прыклад на Полаччыне, дзе па маладзёжнай выбарчай акрузе №32 балатуюцца старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў і дырэктарка ЦБС Наваполацка Марыя Караваева. Жанчына кіруе гарадскімі бібліятэкамі, а яе супернік – усім горадам. «Витьбичи» ўбачылі інтрыгу яшчэ і ў тым, што абодва кандыдаты – аднапартыйцы, сябры партыі «Белая Русь».
У Шаркаўшчынскім філіяле газазабеспячэння ПУ "Браслаўгаз" адбыўся адзіны дзень інфармавання на чале са старшынём Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрыем Ламака. Асноўнай тэмай для абмеркавання, вядома, былі выбары. Па Шаркаўшчынскай выбарчай арузе № 56 у Абласны савет дэпутатаў балатуюцца два чалавекі: старшыня Радзюкоўскага сельсавета Аляксандр Цітовіч і яго супернік, якога хутчэй за ўсё ўлады прызначаць у абласны савет: Уладзімір Мацвееў, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд».
Напярэдадні “выбараў” у Глыбокім актывізаваліся члены “Белай Русі”. Сябры партыі арганізавалі пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Глыбоцкай выбарчай акрузе №23. Раённае выданне не агучвае прозвішча гэтага кандыдата. Як вядома, на Глыбоцкай выбарчай акрузе №23 зарэгістраваныя два кандыдаты. Адзін з іх — Аляксандр Аляхновіч, ваенрук «Корабоўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І. Мацеюна» з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, старшыня Глыбоцкай раённай грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз афіцэраў”, якая амаль нікому невядомая на Глыбоччыне. Другі, якога хутчэй за ўсё і прызначаць улады ў Віцебскі абласны савет, – гэта Алег Апяцёнак – дырэктар філіяла "Глыбоцкія электрычныя сеткі" РУП "Віцебскэнерга", старшыня Глыбоцкага філіяла партыі "Белая Русь". Ён мае вышэйшую адукацыю.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"