У Магілёве раптоўна з выбараў знялася дзеючая дэпутатка парламента
MAYDAY паведамляе, што ў Магілёве раптоўна з выбараў знялася дзеючая дэпутатка парламента. Акруговая выбарчая камісія Магілёўскай сельскай выбарчай акругі № 88 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў прыняла і ўхваліла заяўку кандыдаткі Наталлі Тарасенкі аб зняцці яе кандыдатуры з выбараў.
Прычына такога рэзкага кроку і дата, калі была прынятая пастанова, не тлумачацца. Пры гэтым, паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, яшчэ на мінулым тыдні ў "Магілёўскіх ведамасцях" была апублікаваная яе перадвыбарная праграма, а на працягу датэрміновага галасавання ў яе было прызначана некалькі агітацыйных сустрэч.
Цяпер у акрузе № 88 застаўся толькі адзін кандыдат — дырэктарка мяжысецкай школы Лілія Мельнікава, у мінулым яна наўпрост падпарадкоўвалася Наталлі Тарасенка. Выданне "Наша Ніва" называе Мельнікаву спарынг-партнёркай Тарасенкі, паколькі "выйграць" выбары павінна была апошняя. Да парламенцкіх выбараў 2019 года Наталля Тарасенка ўзначальвала аддзел адукацыі Магілёўскага райвыканкама. Пасля яе "абрання", стала чальцом пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Яна цалкам падтрымлівала курс Аляксандра Лукашэнкі.